Сьцісла:
- Рэпрэсіўная машына — як той алігатар, які калі ўжо пачаў заглытваць ежу, то ня можа спыніцца і выплюнуць яе.
- Хунвэйбіны рэжыму могуць заўсёды прад’явіць прэтэнзіі, што, напрыклад, «вы ня так сьвяткуеце 9 траўня».
- Ёсьць вялікая частка аўдыторыі, якая адначасова давярае і дзяржаўным, і недзяржаўным мэдыя, альбо не цікавіцца ні тымі, ні другімі.
- Афіцыйная прапаганда імкнецца даказаць, што адзіным абаронцам міру і стабільнасьці выступае Аляксандар Лукашэнка.
— Чаму рэжым працягвае рэпрэсіі, дае самыя жорсткія прысуды прадстаўнікам Tut. by і адначасова арыштоўвае тых рэгіянальных журналістаў, якія даўно ня пішуць ні пра якую палітыку? Які ў гэтым сэнс і які мэсыдж грамадзтву яны дасылаюць гэтымі прысудамі?
— Калісьці мне спадабаўся вобраз, што рэпрэсіўная машына — як той алігатар, які калі ўжо пачаў заглытваць ежу, то ня можа спыніцца і выплюнуць яе. Працэс перасьледу незалежнай прэсы ідзе даўно, і даўно караюць «па максымуме». Што тычыцца тых незалежных выданьняў, якія засталіся ў Беларусі і зьмянілі рэдакцыйную палітыку, каб захавацца і не «нарывацца» на рэпрэсіі — то іх перасьледуюць за «былыя заслугі». Тое самае адбываецца ў дачыненьні да многіх беларускіх грамадзянаў: іх перасьледуюць не за тое, што адбываецца цяпер, а знаходзяць старыя фатаздымкі, камэнтары ў сацыяльных сетках, штосьці падобнае.
Другі момант — ёсьць імкненьне розных сілавых структураў паказваць сваю «неабходнасьць» і «эфэктыўнасьць». Калі больш яркія і вядомыя фігуры ўжо пасаджаныя, то надыходзіць чарга наступных. І людзі, якія цяпер ужо публічна не ўздымаюць голас супраць нейкіх дзеяньняў кіроўнага рэжыму, ці нават супраць нейкіх непалітычных пытаньняў (такіх як, напрыклад, экалёгія) — таксама ня могуць пачувацца ў бясьпецы, бо ўвага сілавікоў можа пераключыцца і на іх.
Тое самае адбываецца і з мэдыя, бо яны — той нэрв грамадзтва, які рэагуе на праблемы. Тыя СМІ, якія памянялі рэдакцыйную палітыку, усё роўна ж засталіся зь іншай герархіяй каштоўнасьцяў, адрознай ад афіцыйнай. І гэта можа праяўляцца ў самых «нявінных» тэмах. Хунвэйбіны рэжыму могуць заўсёды ім прадʼявіць прэтэнзіі, што, напрыклад, «вы ня так сьвяткуеце 9 траўня» альбо «ня так сумуеце».
— Сёньняшнія рэпрэсіі больш накіраваныя ў мінулае ці ў будучыню? Гэта найперш помста за нейкія ранейшыя дзеяньні ці папярэджаньне ўсім астатнім на будучыню?
— Яны арыентаваныя і на тое, і на другое. Настае чарга пакараць тых, каго яшчэ не пакаралі за мінулае. Сілавікам патрэбныя нават выдуманыя праціўнікі — іначай губляецца сэнс іхнага існаваньня. На працэсе над Tut. by гучалі словы пра нейкі «дзяржаўны пераварот». Натуральна, сілавікам такая справа была б выгадная — дзеля таго каб абгрунтаваць новыя рэпрэсіі, асабліва напярэдадні новых электаральных кампаніяў.
— Калі гаварыць пра агульную карціну СМІ ў Беларусі — як мяняецца мэдыяспажываньне беларусаў у цэлым? Якія тэндэнцыі прэвалююць?
— Тут ёсьць некалькі заўважных чыньнікаў. Шэраг незалежных мэдыя працуюць у выгнаньні, на пэўнай дыстанцыі ад сваёй асноўнай аўдыторыі. Таму здараюцца памылкі. Гэта праблема, якую мэдыя разумеюць і спрабуюць з гэтым змагацца. Зь іншага боку, калі з пункту гледжаньня чалавека, які жыве ў Беларусі, у мэдыя ён не знаходзіць важных падзей, якія ўплываюць на ягонае жыцьцё, то ён думае: а навошта мне за гэтым сачыць?
У сытуацыі, калі рэжым зачысьціў і палітычную прастору, і грамадзянскую супольнасьць, мэдыя вымушаныя пісаць пра нешта іншае: напрыклад, пра тое, што адбываецца ў эміграцыі, пра вайну ва Ўкраіне. Але аўдыторыя ў Беларусі не заўсёды ўспрымае гэта як вельмі важнае.
У прынцыпе, мы бачым, паводле розных сацыялягічных апытаньняў, зьмяншэньне наведваньня некаторых незалежных мэдыя. Але разам з тым гэта не заўсёды значыць, што навіны і матэрыялы з гэтых мэдыя не трапляюць да людзей. Калі людзі чытаюць гэтыя навіны ў сацыяльных сетках — то нярэдка гэта матэрыялы з тых самых незалежных СМІ.
Паводле даступных апытаньняў, давер да дзяржаўных СМІ меншы, чым да недзяржаўных. Гэта адзін з тых чыньнікаў, які паказвае, што сытуацыя не настолькі кепская для незалежных мэдыя. Зь іншага боку, разрыў паміж імі вельмі малы. Ёсьць вялікая частка аўдыторыі, якая адначасова давярае і дзяржаўным, і недзяржаўным СМІ, альбо не цікавіцца ні тымі, ні другімі.
— Якія на сёньня асноўныя кірункі дзяржаўнай прапаганды? Там дзейнічаюць цалкам тапорна, ці для розных мэтавых аўдыторыяў ужываюць розныя падыходы і мэтодыкі?
— Я б зьвярнуў увагу на тое, што ў іх агульнае і абавязковае. Вось ужо некалькі месяцаў мы ў Мэдыя IQ фіксуем рост мілітарысцкіх наратываў, якія зьвязаныя з вучэньнямі, «баявым зладжваньнем рэгіянальнай групоўкі», рознымі інцыдэнтамі, рыхтуецца закон аб народным апалчэньні. Усё разам гэта падвышае градус трывожнасьці. І на гэтым фоне афіцыйная прапаганда імкнецца даказаць, што адзіным абаронцам міру і стабільнасьці выступае Аляксандар Лукашэнка і рэжым, які ён узначальвае.
— Ці маюць посьпех беларускія нібыта недзяржаўныя мэдыяпраекты, якія пазыцыянуюць сябе як незалежныя, але паціху прасоўваюць афіцыйныя наратывы? І другое: ці можна гаварыць пра супадзеньне афіцыйнай беларускай і расейскай шавіністычнай прапаганды? Яны цалкам зьліліся ці ўсё ж адрозьніваюцца?
— Ёсьць такія праекты, як «Точка», якія займаюцца ў значнай ступені пралукашэнкаўскім і прарасейскім парадкам дня. Шмат якія навігатары навінаў, як «Белновости», трансьлююць прарасейскія наратывы што да апраўданьня вайны ва Ўкраіне. І нельга сказаць, што яны даюць разнастайны погляд на падзеі і доступ да альтэрнатыўнай інфармацыі.
Важна зазначыць, што ў Беларусі пошук у інтэрнэце той ці іншай навіны прыводзіць на расейскія рэсурсы, якія адназначна прасоўваюць наратывы, карысныя Крамлю. Калі хтосьці карыстаецца пошукам у Yandex.dzen, то ён, найхутчэй, сустрэнецца з расейскімі праўладнымі рэсурсамі.