На вайсковым палігоне «Обуз-Лясноўскі» прайшла ратацыя расейскіх вайскоўцаў. Гэта вынікае з апошніх спадарожнікавых здымкаў, якія мы атрымалі з дапамогай сэрвісу Planet Labs, заяваў камандуючага ўкраінскімі Аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны генэрал-лейтэнанта Сяргея Наева, а таксама з паведамленьняў тэлеграм-канала супольнасьці чыгуначнікаў «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси».
Зь беларускіх палігонаў на вайну ва Ўкраіну адпраўляюцца падрыхтаваныя расейскія падразьдзяленьні, а замест іх у Беларусь з Расеі прыбываюць для навучаньня новыя расейскія вайскоўцы.
Калі параўноўваць здымкі вайсковага палігону «Обуз-Лясноўскі» за 6 сакавіка 2023 году са здымкамі, зробленымі ў канцы 2022 года і лютым 2023 году, можна пабачыць, што зь месцаў стаянак на палігоне зьнікла значная колькасьць вайсковай тэхнікі. Гаворка можа ісьці ня менш як пра 200 адзінак. На здымку відаць паўпусты лягер расейскіх вайскоўцаў непадалёк.
Якраз прыкладна 23 лютага тэхніку пачынаюць прыбіраць, а празь пяць дзён яе ўжо амаль няма.
Пра вываз з палігону жывой сілы можна зразумець з таго, што намётавы лягер апусьцеў амаль напалову. Аб гэтым можа сьведчыць зьнікненьне вытаптаных нешырокіх сьцежак паміж намётамі ў паўднёвай частцы лягеру.
Намёты нагадваюць мадэль Памір-40 ад расейскай кампаніі, яны могуць умяшчаць ад 20 да 50 чалавек. Калі ўзяць мінімальную колькасьць вайскоўцаў у намёце і памножыць на колькасьць закінутых намётаў у лягеры, то атрымаем прыкладную лічбу ратацыі — 1000 чалавек.
«Расейскія вайскоўцы прыяжджаюць са сваёю тэхнікай на беларускі палігон і зь ёю і выяжджаюць. Вось такая ў іх лягістыка. Адбылася першая і пакуль адзіная ратацыя»,- кажа вайсковы экспэрт Міхайла Жырахаў.
Пра ратацыю расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі паведамляе таксама і сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.
«Частка расейскіх вайскоўцаў выведзена зь Беларусі пасьля падрыхтоўкі да баявых дзеяньняў. Цяпер гэтыя групоўкі стануць узмацненьнем у баях на ўсходзе Ўкраіны», — адзначае ён.
Па словах Дземчанкі, такая падрыхтоўка доўжыцца некалькі месяцаў. Пасьля гэтага адбываецца ратацыя, «на тэрыторыю Беларусі заходзяць новыя падразьдзяленьні».
Згодна з паведамленьнямі «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси», у Расею было адпраўлена ня менш за пяць эшалёнаў з вайскоўцамі, якія прайшлі навучаньне на беларускіх палігонах.
- 25 лютага адправілі адзін зь першых эшалёнаў з 51 вагонам са станцыі Слонім, што побач з «Обуз-Лясноўскім», на станцыю Мацьвееў Курган у Растоўскую вобласьць Расеі. У яго складзе знаходзілася 5 пасажырскіх вагонаў з вайскоўцамі РФ (каля 250 чалавек), 3 крытыя вагоны з рыштункам, 43 вагоны-плятформы, на вагонах-плятформах былі заўважаныя: КШМ Р-149БМР «Кушэтка-Б» и Р-149МА1, «КамАЗы» (кунг), тэнтаваныя «Ўралы», бэнзавозы «Ўрал» і палявы камандны пункт АПЕ-5 (на базе шасі КамАЗ)).
- 26 лютага эшалён у 46 вагонаў (5 пасажырскіх, 2 крытыя, 36 плятформаў для тэхнікі) са станцыі Слонім адправіўся на станцыю Няклінаўка ў Растоўскай вобласьці.
- 27 лютага эшалён у 51 вагон (10 пасажырскіх, 3 крытыя, 37 плятформаў для тэхнікі) са станцыі Палонка адправіўся на акупаваную Расеяй станцыю Красная Магіла ў Луганскай вобласьці Ўкраіны.
- 28 лютага эшалён у 48 вагонаў (2 пасажырскія, 46 плятформаў для тэхнікі) са станцыі Слонім адправіўся ў акупаваны Расеяй Ілавайск (Данецкая вобласьць Украіны).
- 1 сакавіка эшалён у 38 вагонаў (2 пасажырскія, 36 плятформаў для тэхнікі) са станцыі Слонім адправіўся на станцыю Няклінаўка ў Растоўскай вобласьці Расеі.
Гэта інфармацыя амаль супадае з нашымі падлікамі на падставе спадарожнікавых здымкаў палігона «Обуз-Лясноўскі».
У замен ужо абучаных вайскоўцаў Расея прысылае у Беларусь новыя эшалёны.
Як адзначае камандзір Аб’яднаных сілаў УСУ, генэрал-лейтэнант Сяргей Наеў, у Беларусі застаюцца намётавыя вайсковыя лягеры для прыняцьця дадатковых сілаў на чатырох палігонах. Але, па яго словах, «пагроза наземных дзеяньняў з боку Беларусі нізкая». Ён падкрэсьліў, што «сытуацыя стабільная і кантраляваная».
Як адзначае генэрал-лейтэнант Сяргей Наеў, у Беларусі застаюцца намётавыя вайсковыя лягеры для прыняцьця дадатковых сілаў на чатырох палігонах. Але, па яго словах, «пагроза наземных дзеяньняў з боку Беларусі нізкая». Ён падкрэсьліў, што «сытуацыя стабільная і кантраляваная».
Радыё Свабода сочыць далей за разьвіцьцём сытуацыі на беларускіх вайсковых аб’ектах. Калі ў вас ёсьць інфармацыя, якой вы можаце з намі падзяліцца, прысылайце, калі ласка, у рэдакцыю.
Сувязь з рэдакцыяй у Telegram — @SvabodaBelarus
Даслаць навіну ў Signal можна па нумары +37068643669