У судзе Партызанскага раёну Менску разгледзелі крымінальную справу работніка ліцейнага цэху МТЗ Дзяніса Пучака, аднаго з удзельнікаў шэсьця трактаразаводцаў у жніўні 2020 году. Яго абвінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Справу разглядаў суддзя Міхаіл Макарэвіч. Палітзьняволенага Дзяніса Пучака затрымалі 22 лістапада 2022 году і да суду зьмясьцілі ў СІЗА-1 Менску.
Па матэрыялах абвінавачаньня, Дзьмітры, разам з шматлікімі работнікамі МТЗ, 14 жніўня 2020 году прыняў удзел у шэсьці рабочых у цэнтар Менску. Знаходзячыся на вуліцы Даўгабродзкай, нібыта парушаў грамадзкі парадак, перашкаджаў працы грамадзкага транспарту, не рэагаваў на заклікі супрацоўнікаў міліцыі спыніць супрацьпраўныя дзеяньні.
Суд прызнаў 28 лютага Дзяніса Пучака вінаватым і вынес пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў ПУАТ тэрмінам на два гады і шэсьць месяцаў. Яго вызвалілі з-пад арышту адразу пасьля абвяшчэньня прысуду.