Праваабаронцу «Вясны» Марфу Рабкову, асуджаную да 14 гадоў і 9 месяцаў калёніі, сёньня этапавалі ў гомельскую
ПК-4.
Валянтэр Андрэй Чапюк, асуджаны да 5 гадоў і 9 месяцаў калёніі, этапаваны ў івацэвіцкую ПК-22.
Асуджаны да 16 гадоў і 9 месяцаў калёніі Аляксандр Францкевіч таксама этапаваны ў івацэвіцкую ПК-5, а Павел Шпетны, асуджаны да 6 гадоў калёніі, у бабруйскую ПК-2.
Раней Акіхіру Гаеўскага-Ханаду і Андрэя Марача этапавалі ў ПК-17, Аляксандра Казлянку — у ПК-1, Аляксея Галаўко — у ПК-15, а Мікіту Дранца — у ПК-3.
28 лютага Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе каардынатаркі валянтэрскай службы «Вясны» Марфы Рабковай і яшчэ дзевяці палітвязьняў, асуджаных у так званай справе «Рэвалюцыйнага дзеяньня».
Судовая калегія пад старшынствам судзьдзі Аляксея Рыбакова пакінула без задавальненьня скаргі шасьці фігурантаў, а тэрміны вясноўцам Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку, а таксама актывістам анархісцкага руху Акіхіру Гаеўскаму-Ханаду і Аляксандру Францкевічу скараціла на тры месяцы. Прысуд набыў моц, і палітвязьняў хутка этапуюць у калёніі, паведамляе «Вясна».
З улікам апэляцыі вырак склаў:
- Марфе (Марыі) Рабковай — 14 гадоў 9 месяцаў;
- Аляксандру Францкевічу — 16 гадоў 9 месяцаў;
- Акіхіру Гаеўскаму-Ханада — 15 гадоў 9 месяцаў;
- Аляксею Галаўко — 12 гадоў;
- Паўлу Шпетнаму, Мікіту Дранцу, Аляксандру Казлянку — па 6 гадоў;
- Андрэю Чапюку — 5 гадоў 9 месяцаў;
- Андрэю Марачу і Данілу Чулю — па 5 гадоў.
Акрамя гэтага, ім прысудзілі вялізныя штрафы. Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
ЗША, Эўразьвяз і АБСЭ асудзілі суровыя выракі Марфе Рабковай і астатнім дзевяці палітвязьням.
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.