Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі зьнішчальнік СУ-27 зьбіў амэрыканскі бесьпілётнік Reaper MQ-9 над Чорным морам


Амэрыканскі баявы дрон MQ-9
Амэрыканскі баявы дрон MQ-9

Расейскі зьнішчальнік сутыкнуўся з амэрыканскім бесьпілётнікам над Чорным морам, вымусіўшы вайскоўцаў ЗША зьнішчыць дрон.

Пра гэта паведамляе Эўрапейскае камандаваньне Ўзброеных сілаў ЗША.

«Сёньня два расейскія Су-27 учынілі небясьпечны і непрафэсійны перахоп дрона выведкі, назіраньня і рэкагнасцыроўкі MQ-9 ВПС ЗША, які знаходзіўся ў міжнароднай паветранай прасторы над Чорным морам», — гаворыцца ў заяве.

Паведамляецца, што інцыдэнт адбыўся раніцай. Адзін з расейскіх самалётаў Су-27 зачапіў турбавінтавы рухавік MQ-9, у выніку чаго вайскоўцы ЗША былі вымушаныя затапіць бесьпілётнік у міжнародных водах.

«Некалькі разоў перад сутыкненьнем Су-27 зьлівалі паліва на MQ-9 і праляталі перад ім безразважным і непрафэсійным чынам. Гэты інцыдэнт дэманструе ня толькі недахоп кампэтэнтнасьці, але і небясьпеку і непрафэсіяналізм», — заявілі амэрыканскія вайскоўцы.

Па дадзеных амэрыканскіх вайскоўцаў, MQ-9 выконваў «рутынныя апэрацыі ў міжнароднай паветранай прасторы, калі яго перахапіў і зьбіў расейскі самалёт».

Міністэрства абароны РФ прызнала інцыдэнт над Чорным морам, які прывёў да зьнішчэньня амэрыканскага дрона. МА РФ заявіла, што дрон парушаў межы раёну, у якім Расеяй вызначаны часовы рэжым палётаў у сувязі з правядзеньнем «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі».

У заяве адзначаецца, што «з мэтай ідэнтыфікацыі парушальніка ў паветра былі паднятыя зьнішчальнікі».

Паводле расейскай вэрсіі «у выніку рэзкага манэўраваньня беспілётны лятальны апарат MQ-9 перайшоў у некіравальны палёт са стратай вышыні і сутыкнуўся з воднай паверхняй».

МА РФ заяўляе, што «расейскія зьнішчальнікі бартавое ўзбраеньне не ўжывалі, з беспілётным лятальным апаратам у кантакт не ўступалі».

Каардынатар па стратэгічных камунікацыях Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі адзначыў, што перахопы расейскімі самалётамі нерасейскіх лятальных апаратаў над Чорным морам — «не рэдкасьць».

«Я хачу падкрэсьліць, што гэты MQ-9 дзейнічаў у міжнароднай паветранай прасторы над міжнароднымі водамі, не ўяўляў ні для каго пагрозы, і гэта быў небясьпечны і непрафэсійны перахоп, — сказаў Кірбі. — Гэта не першы выпадак перахопу, вядома, за апошнія тыдні. У нас зараз няма дакладных зьвестак аб намерах расейскага пілёта, але мы ведаем, што гэты пілёт закрануў сваім самалётам прапэлер MQ-9, што і прывяло да яго падзеньня».

«Такім чынам, гэта ўнікальны інцыдэнт, — сказаў Кірбі. — Дзярждэпартамэнт будзе наўпрост размаўляць з расейскімі калегамі і выказваць нашу заклапочанасьць з нагоды гэтага небясьпечнага і непрафэсійнага перахопу».

У аўторак днём прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс паведаміў, што ЗША выклікаюць амбасадара Расеі ў Вашынгтоне ў Дзярждэпартамэнт наконт інцыдэнту з беспілётнікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG