Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікавалі закон аб сьмяротным пакараньні за «здраду дзяржаве». Галоўныя палажэньні


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пажыцьцёвае зьняволеньне ня можа прымяняцца як альтэрнатыва сьмяротнаму пакараньню паводле артыкулаў за дзяржаўную здраду і акты тэрарызму, адзначана ў новым законе.

14 сакавіка апублікавалі закон «Аб зьмене кодэксаў у пытаньнях крымінальнай адказнасьці», які, у тым ліку, уводзіць сьмяротнае пакараньне для чыноўнікаў за здраду дзяржаве. Фармальна закон набудзе моц праз 10 дзён пасьля публікацыі.

«Здрада дзяржаве»

Сярод новаўвядзеньняў пазначана апісаньне, што такое «здрада дзяржаве»:

«Выдача замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь, а таксама зьвестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты замежных дзяржаў, міжнародных арганізацый, міждзяржаўных утварэньняў, перададзеных Рэспубліцы Беларусь на падставе міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь або ў сувязі з яе ўдзелам у гэтых міжнародных арганізацыях, міждзяржаўных утварэньнях».

Калі службовая асоба, якая займае пасаду, зьдзейсьніць дзяржаўную здраду, ёй будзе пагражаць ад 10 да 20 гадоў зьняволеньня са штрафам ці без, або пажыцьцёвае зьняволенне, або сьмяротнае пакараньне. Такая ж санкцыя тычыцца абвінавачаных са статусам вайскоўца.

Тэрмін затрыманьня асоб, якія падазраюцца ва ўчыненьні здрады дзяржаве, змове або дзеяньнях з мэтай захопу дзяржаўнай улады, шпіянажы і агентурнай дзейнасьці, павялічваецца з 3 да 10 дзён.

«Прапаганда тэрарызму»

Крымінальны кодэкс таксама дапоўнілі артыкулам 289-1 (Прапаганда тэрарызму).

«Прапаганда тэрарызму ці яго публічнае апраўданьне, у тым ліку
з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі або глябальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт, караюцца арыштам, або абмежаваньнем волі на тэрмін да 3 гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін са штрафам ці бяз штрафу».

Тыя ж дзеяньні, учыненыя асобай, раней судзімай за злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 124-126, 289, 2901-292, 324 або 359 КК, караюцца арыштам ці абмежаваньнем волі на тэрмін ад 3 да 5 гадоў, або ад трох да сямі гадоў зьняволеньня.

«Дывэрсія»

Дапоўнены артыкул 360 КК (Дывэрсія). У адпаведнасьці са зьменамі, чалавек, які ўдзельнічаў у падрыхтоўцы да такіх дзеяньняў, вызваляецца ад крымінальнай адказнасьці за іх, калі своечасова папярэдзіў дзяржорганы ці іншым чынам аказаў садзейнічаньне ў перадухіленьні дывэрсіі.

«Дыскрэдытацыя арміі»

У КК уводзіцца адказнасьць за дыскрэдытацыю «Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і воінскіх фармаваньняў, ваенізаваных арганізацый». Адпаведнай прыпіскай дапоўнены ўжо існы артыкул 369-1 КК (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Санкцыя артыкула прадугледжвае арышт, абмежаваньне волі ці да 4 гадоў калёніі.

Падобны закон існуе ў Расеі і актыўна прымяняецца падчас яе вайны супраць Украіны.

«Выдаваньне дзяржаўнай і службовай тайны»

Павялічаны тэрміны пазбаўленьня волі за наўмыснае выдаваньне дзяржаўнай і службовай тайны. Санкцыя будзе прадугледжваць да 4 гадоў зьняволеньня, а пры наяўнасьці цяжкіх наступстваў — да 6 гадоў.

Як КДБ аргумэнтавала патрэбу ў законе

Старшыня КДБ Іван Тэртэль заявіў, што супрацоўнікі КДБ Беларусі з пачатку 2023 года затрымалі больш за дзясятак супрацоўнікаў сілавых ведамстваў і дзяржаўных службоўцаў, нібыта завэрбаваных замежнымі спэцслужбамі.

З такой заявай Тэртэль выступіў на паседжаньні Савета Рэспублікі падчас рагляду законапректа «Аб зьмене кодэксаў па пытаньнях крымінальнай адказнасьці», якія ўводзіць сьмяротную кару за здраду дзяржаве для чыноўнікаў і сілавікоў.

Ён таксама сказаў пра нейкія пляны замежных краін у дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі:

«Пляны іх распаўсюджваюцца на пэрыяд 2024–2025 гадоў. Тут увесь кантэкст зьвязаны зь імкненьнем іх да нашых органаў улады і кіраваньня, да здзяйсьненьня акцый, накіраваных на падрыў стабільнасьці ў краіне», — сказаў старшыня КДБ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG