Як мяркуюць эстонскія СМІ, пад замежнай дзяржавай маецца на ўвазе Расея. Айва Пэтэрсан — лідэр руху Koos/«Разам», які ягоныя палітычныя апанэнты называюць прарасейскім.
Пэтэрсан неаднаразова выступаў у падтрымку крамлёўскай палітыкі. Ён балятаваўся ў эстонскі парлямэнт, але не набраў патрэбнай колькасьці галасоў. Перад выбарамі ён езьдзіў у заняты расейскімі войскамі Данецк і выступіў у тэлеперадачах на кантраляваных Масквой каналах. У адной з праграм, у прапагандыста Ўладзіміра Салаўёва, Пэтэрсан заяўляў, што Эстоніі неабходна зьмена ўлады шляхам народнага паўстаньня.
Яшчэ двое арыштаваных — грамадзянін Эстоніі Дзьмітрый Роотсі і грамадзянін Расеі Андрэй Андронаў, якія супрацоўнічалі з Пэтэрсанам. Усе трое ўзятыя пад варту на тэрмін да двух месяцаў.