Яны сьцьвярджаюць, што іх блізкіх перадалі з шэрагаў войска РФ у камандаваньне сіл так званых самааабвешчаных «ЛНР» і «ДНР». Там, паводле іх сьцьвярджэньня, з мабілізаваных складаюць штурмавыя атрады, нягледзячы на тое, што па ваеннай спэцыяльнасьці яны артылерысты.
Сваячкі сьцьвярджаюць, што іх мужоў і сыноў без адпаведнай падрыхтоўкі адпраўляюць на перадавую ў якасьці «гарматнага мяса». Па іх словах, навучаньне мабілізаваных доўжылася ўсяго чатыры дні.
Жанчыны падкрэсьліваюць, што іх блізкія гатовы ваяваць ва Ўкраіне, але ня ў якасьці штурмавой пяхоты, а ў рамках ваеннай спэцыяльнасьці, на якую навучаліся, і просяць адвесьці іх зь лініі судакрананьня і забясьпечыць артылерыйскай зброяй і боепрыпасамі.
У апошнія тыдні ў інтэрнэце зьявіліся шматлікія звароты, запісаныя самімі мабілізаванымі. У прыватнасьці, відэа запісвалі вайскоўцы, мабілізаваныя з Іркуцкай, Белгарадзкай і Калінінградзкай абласьцей, а таксама з Тувы. Усе яны скардзіліся, што іх перадалі пад камандаваньне так званых «ЛНР» і «ДНР», якое «перакваліфікавала» іх у штурмавікоў нягледзячы на адсутнасьць падрыхтоўкі.
Па іх словах, камандаваньне не прысутнічае на перадавой, іх прымушаюць ісьці ў бой не экіпіраванымі, без падтрымкі з боку артылерыі і выведкі, а за адмовы ім пагражаюць гвалтам. Падразьдзяленьні нясуць цяжкія страты. Мабілізаваныя заяўляюць, што іх выкарыстоўваюць як «мяса» і пасылаюць «на забой».
Мабілізаваныя спрабуюць скардзіцца кіраўнікам рэгіёнаў, зь якіх іх прызвалі. Мясцовыя ўлады абяцаюць разабрацца ў сытуацыі, аднак, паводле слоў вайскоўцаў і іх сваякоў, выніку гэта практычна не прыносіць.
Раней Расейская служба ВВС паведамляла, што за апошнія тры месяцы большасьць загінулых складаюць мабілізаваныя, добраахвотнікі і зьняволеныя. Усяго з пачатку вайны журналістам удалося пацьвердзіць гібель больш як 15 тысяч расейцаў, больш за тысячу зь іх — мабілізаваныя.