Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб’яднаны пераходны кабінэт ухваліў стратэгію эканамічных санкцый, каб «пазбавіць прыбыткаў „гаманцы“ рэжыму»


Аб'яднаны пераходны кабінэт. Архіўнае фота
Аб'яднаны пераходны кабінэт. Архіўнае фота

7 сакавіка Кабінэт прыняў пастанову «Аб працягу работы ў санкцыйным ціску», мэтай якога зьяўляецца вызваленьне палітвязьняў, пакараньне вінаватых у гвалце і новыя дэмакратычныя выбары.

Санкцыйны ціск на рэжым неабходны для таго, каб пазбавіць яго фінансавых магчымасьцяў для працягу рэпрэсіўнай палітыкі ў дачыненьні да грамадзян Беларусі і ўдзелу ў агрэсіі Расеі супраць Ўкраіны, зазначылі ў Аб’яднаным пераходным кабінэце.

Мэта санкцыйнага ціску — вызваленьне палітвязьняў, пакараньне вінаватых у гвалце і новыя дэмакратычныя выбары.

Прынятая 7 сакавіка стратэгія «Эканамічны прымус» накіравана на падрыхтоўку рознага кшталту санкцыйных інструмэнтаў: шматбаковых і нацыянальных санкцый, сэктаральных і пэрсанальных абмежаваньняў, выпрацоўваньне прапаноў у кантролі і адказнасьці за парушэньне санкцыйных мер.

Згодна з прынятай стратэгіяй галоўнымі кірункамі эканамічнага ціску зьяўляюцца:

  • Пазбаўленьне рэжыму Лукашэнкі крыніц паступленьня валюты і крэдытных рэсурсаў;
  • блякаваньне магчымасьцяў для абыходу санкцый як рэжымам Лукашэнкі, так і яго саюзьнікам, пуцінскай Расеяй, каб прадухіліць незаконнае ўзбагачэньне рэжыму за кошт грамадзян і спыніць кантрабандны канал дапамогі ВПК Расеі;
  • замарожваньне актываў дзяржавы, каб пазьбегнуць магчымасьці іх растраты ў мэтах працягу тупіковай эканамічнай палітыкі і далейшай здачы эканамічнага сувэрэнітэту;
  • пазбаўленьне прыбыткаў «гаманцоў» рэжыму і іншых асоб, якія атрымліваюць незаконнае ўзбагачэньне за кошт уціску канкурэнцыі на рынку, што прыводзіць да дадатковага зьбядненьня насельніцтва;
  • удасканаленьне санкцыйных мэханізмаў з мэтай іх максымальнай эфэктыўнасьці і скарачэньня часу ад іх прыняцьця да надыходу эфэкту ад іх дзеяньня.

Таксама пастановай прадугледжваецца стварэньне сталай працоўнай групы па эканамічным ціску на рэжым Лукашэнкі (Камітэту санкцый), у якую ўвойдуць прадстаўнікі ад Кабінэта, дыяспар, актывістаў і іншых экспэртных арганізацый у гэтай праблематыцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG