Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глябальны саюз IndustriALL: Улады Беларусі душаць рэшткі незалежнага прафсаюзнага руху


Арыштаваны лідэр незалежнага прафсаюзу СПБ Мікалай Шарах. Архіўнае фота
Арыштаваны лідэр незалежнага прафсаюзу СПБ Мікалай Шарах. Архіўнае фота

Арганізацыя зьвярнула ўвагу, што толькі за апошні тыдзень некалькіх актывістаў «арыштавалі па сфабрыкаваных абвінавачаньнях».

Так, 6 сакавіка кіраўніка зьліквідаванага ўладамі Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) Мікалая Шараха затрымалі ў ягоным доме ў Полацку (Віцебская вобласьць) і пасьля арыштавалі на 15 дзён за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Гэта адбылося праз тыдзень пасьля таго, як жонку актывіста СПБ Віктара Стукава Сьвятлану арыштавалі на той жа тэрмін за падпіску на адну з груп у Facebook.

У лютым дзесяць палітвязьняў, удзельнікаў «Рабочага руху», пакаралі працяглымі тэрмінамі зьняволеньня, у тым ліку па абвінавачаньні ў «здрадзе дзяржаве». Шасьцёра асуджаных зьяўляюцца актывістамі Беларускага незалежнага прафсаюзу.

У студзені суд у Беларусі прысудзіў лідэрам незалежных прафсаюзаў «неапраўдана строгія тэрміны пазбаўленьня волі» па палітычна матываваных абвінавачаньнях.

«IndustriALL працягне публічна падтрымліваць рух за незалежныя прафсаюзы і дэмакратыю ў Беларусі і будзе выкарыстоўваць свой глябальны голас, каб асудзіць цяжкія ўціскі, зь якімі яны сутыкаюцца, — заявіў генэральны сакратар IndustriALL Атле Хойе. — Суровыя прысуды, вынесеныя Алесю Бяляцкаму (10 гадоў калёніі) і Генадзю Фядынічу (9 гадоў) зьяўляюцца сьмяротным прысудам, улічваючы іх узрост, стан здароўя і ўмовы ўтрыманьня ў беларускіх турмах».

13–24 сакавіка ў Жэнэве адбудзецца паседжаньне Адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), у парадак дня якога ўключылі пытаньне аб Беларусі. Кіроўны камітэт разгледзіць «варыянты захадаў у адпаведнасьці з артыкулам 33 статуту, а таксама іншыя меры для забесьпячэньня выкананьня ўрадам Беларусі рэкамэндацый Камісіі па расьсьледаваньні ў адносінах да Канвэнцый № 87 і № 98».

IndustriALL накіраваў у Эўракамісію, Эўрапарлямэнт, Эўрапейскую раду і МАП ліст з заклікам да «неадкладных дзеяньняў, у тым ліку публічнага выказваньня падтрымкі незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі і патрабаваньню ад беларускіх уладаў неадкладна і безумоўна вызваліць арыштаваных прафсаюзных актывістаў і спыніць.

  • Глябальны саюз IndustriALL аб'ядноўвае 50 мільёнаў работнікаў горназдабыўной, энэргетычнай і вытворчай галін у 140 краінах сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG