Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль 4% беларусаў жывуць за рысай беднасьці, 40% усіх прыбыткаў ідзе на харчаваньне. Які ўзровень жыцьця беларусаў паводле Белстату


Інфаграфіка
Інфаграфіка

5,8% жыхароў вёсак маюць прыбытак ніжэйшы за пражытковы мінімум. Сабралі лічбы пра жыцьцё беларусаў.

Даходы

1685 рублёў — такі сярэдні заробак склаўся ў Беларусі ў студзені гэтага году, падлічвае Белстат. У лідэрах застаецца Менск, дзе заробак на 37% вышэйшы, чым агулам у Беларусі, — 2309 рублёў.

Калі агулам па ўсіх абласьцях Беларусі за год заробак у рэальным вымярэньні (з папраўкай на рост цэнаў) вырас, то ў Менску ён зьнізіўся на 2,7%.

Па сфэрах дзейнасьці, паводле афіцыйных лічбаў, самы высокі заробак — у галіне інфармацыі і сувязі: 4653,2 рубля. Самы нізкі — у сфэры адміністратыўных і дапаможных паслуг: 1126,3 рубля.

Больш рэальную карціну паказвае статыстыка прыбыткаў хатніх гаспадарак. У такой гаспадарцы, то бок сям’і, можа быць як адзін чалавек, так і больш за трое. Сярэдні прыбытак у разьліку на адну гаспадарку ў мінулым годзе склаў 1863,8 рубля на месяц. Сярэднія выдаткі адной хатняй гаспадаркі — 1696 рублёў на месяц.

Інфаграфіка
Інфаграфіка

Выдаткі

Найбольш сродкаў, паводле дадзеных Белстату, беларусы выдаткоўваюць на харчаваньне — 39,3% усіх тратаў. На другім месцы — нехарчовыя тавары, то бок вопратка, тэхніка ды іншае: 34,4%. На паслугі беларусы трацяць 23,8%, а на жыльлёва-камунальныя паслугі — 6,4% усіх тратаў.

Гэтыя лічбы з году ў год у Беларусі прыкладна аднолькавыя. У 2021 годзе на харчаваньне беларусы трацілі 40,2% ад усіх расходаў, на нехарчовыя тавары — 33,6%, на паслугі — 23,7%.

Жыцьцё за рысай беднасьці

3,9% беларусаў маюць прыбытак, ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму — нормы, якую дзяржава лічыць дастатковай для мінімальных патрэб грамадзяніна на месяц. Цяпер гэты бюджэт складае 341 рубель на месяц. Гэта ў 5 разоў менш за сярэдні заробак. Людзей зь мінімальным даходам найбольш у Магілёўскай вобласьці — 5,9%, а найменш у Менску — 1,4%.

У гарадах 3,4% людзей маюць даход ніжэйшы за пражытковы мінімум, па вёсках такіх людзей больш — 5,8%.

Па зьвестках Белстату, у 2021 годзе ў Беларусі жылі 9,3 мільёна чалавек.

Атрымліваецца, за рысай беднасьці жывуць 362,8 тысячы чалавек. Гэта ўдвая больш, чым жыхароў невялікага гораду кшталту Баранавічаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG