У той жа час, як адзначаюць сацыёлягі, станоўча або «з разуменьнем» да тых, хто выехаў з Расеі праз мабілізацыю ў цэлым ставяцца толькі 10% апытаных. Сярод тых, у каго два-тры гады таму за мяжу эмігравалі сваякі або блізкія, з разуменьнем да тых, хто зьехаў ад мабілізацыі, ставяцца 28% рэспандэнтаў, з асуджэньнем — 31%, нэўтральна — 40%.
Каля паловы расейцаў (52%) асуджаюць вядомых людзей, якія выехалі пасьля пачатку вайны, адзначаюць сацыёлягі. Яшчэ 41% ставяцца да іх нэўтральна і толькі 5% — «з разуменьнем».
Ініцыятыву расейскіх дэпутатаў і чыноўнікаў аб пазбаўленьні ўласнасьці людзей, якія з-за мяжы публічна крытыкуюць расейскае кіраўніцтва, цалкам або часткова падтрымліваюць 49% рэспандэнтаў.
Агулам да людзей, якія выяжджаюць жыць за мяжу (без удакладненьня прычын), з асуджэньнем ставяцца 25% расейцаў (у 2018 годзе такіх было толькі 14%). У «Левада-центры» падкрэсьлілі, што чым старэйшыя рэспандэнты, тым больш нэгатыўна яны настроены ў адносінах суайчыньнікаў, якія выехалі.
- Ад абвешчанай прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным у верасьні 2022 году «частковай» мабілізацыі з краіны, паводле розных ацэнак, выехалі ад некалькіх соцень тысяч да мільёна чалавек.
- Большасьць расейцаў уцяклі ад мабілізацыі ў краіны Цэнтральнай Азіі, частка зьехала ў Эўропу, а яшчэ частка — эмігравала ў ЗША.
- У канцы мінулага года сьпікер Дзярждумы РФ Вячаслаў Валодзін прапанаваў падняць падаткі для тых, хто пакінуў Расею.