Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заяц вымушаны быў стаць героем і бараніць сваё». Расказваем пра новы тэатральны праект Тацяны Дзіваковай


Тацяна Дзівакова
Тацяна Дзівакова

Паразмаўлялі з мастачкай Тацянай Дзіваковай пра яе новы праект «рЭвалюцыя Зайца», пра эміграцыю, булінг і пра тое, чаму яна ня лічыць беларусаў баязьліўцамі.

«рЭвалюцыя Зайца» — гэта тэатральны праект, які складаецца з выставы, тэатральнай пастаноўкі і майстар-клясаў, дзе ўдзельнікі робяць свайго героя па прынцыпе лялькі-дзяргунчыка. Ідэя тэатральнага праекту пачала фармавацца яшчэ 10 гадоў таму. Тады Тацяна разам з мужам Юрам Дзіваковым (рэжысэрам праекту) шмат пераяжджалі, думалі пра народную казку «Пра лісу і зайца».

«Потым мы пераехалі ў Польшчу, адаптаваліся, спрабавалі зразумець, як жыць і прыстасоўвацца. І калі ў мяне зьявілася магчымасьць рэзыдэнцыі ў тэатры Powszechnym у Варшаве, я сказала: „Я больш не магу трываць, я зраблю гэта за свае грошы. Мне неабходна гэта зрабіць“. І пры падтрымцы тэатру мы зрабілі гэты комплексны тэатральны праект, які з розных бакоў падыходзіць да тэмы», — кажа аўтарка праекту, мастачка Тацяна Дзівакова.

Тацяна кажа, што калі сама ў дзяцінстве чытала казкі, не разумела, навошта яны, як іх выкарыстоўваць у жыцьці.

«Да 6 гадоў у дзіцяці фармуецца фундамэнтальная база ведаў: ты павінен ведаць, дзе лева, права, верх, ніз, прычынна-выніковыя сувязі будаваць, ты вывучаеш рэальнае жыцьцё. А потым дзіця пачынае гуляцца з гэтымі ведамі пра рэальнасьць, перамешваць: а што, калі я да галавы лісы дадам цела чалавека? А яшчэ дадам крылы, і ён паляціць! І так дзеці пачынаюць разьвіваць фантазію, менавіта з 7 гадоў фармуецца мэтафарычнае мысьленьне».

«Я ня бачыла беларусаў-баязьліўцаў, я бачыла людзей, якія былі гатовыя страціць сям’ю, каб адстаяць сваю свабоду»

У праекце вельмі добра паказаная трансфармацыя героя-Зайца, кажа мастачка. У пастаноўцы шмат момантаў, зьвязаных з падзеямі ў Беларусі і вымушанай эміграцыяй.

«Мне было вельмі крыўдна, што былі людзі, якія крычалі падчас рэвалюцыі: „Вы, беларусы, — баязьліўцы! Давайце ўставайце!“ Гэта прыклеілася і да гэтай гісторыі пра Зайца. Я ня бачыла беларусаў-баязьліўцаў, я бачыла людзей, якія былі гатовыя страціць сям’ю, нават дзяцей, каб проста адстаяць свой пункт гледжаньня, сваю свабоду. Для мяне было важна паказаць у гэтай гісторыі, што перажывае гэты Заяц, як зьмяняецца эмацыйна, духоўна, як ён вырастае на вачах».

У тэатральным праекце «рЭвалюцыя Зайца» герой адрозьніваецца ад народнай казкі, ён прамаўляе па-іншаму, кажа Тацяна.

«Ён вымушаны быў стаць героем і бараніць сваё. Ён не знайшоў ніадкуль дапамогі і проста зразумеў, як яму перамагчы гэтую лісу. Я разумела, што не хачу ніякага пеўня з касой [які перамагае лісу ў народнай казцы. — РС], і нават палякі ў тэатры пыталіся: „А там ня будзе касы?“ Бо вайна, якая яшчэ зброя? І вось наш заяц перамог тым, што ён проста дзяўбаў, дзяўбаў і дзяўбаў, лісе гэта надакучыла, і яна сама зьбегла. І вось наш заяц вырастае, становіцца моцным».

Сама Тацяна прытрымліваецца прынцыпу, што ўсё можна вырашыць з дапамогай дыпляматыі, таму нават у праекце пазьбягае завяршэньня канфлікту сілай.

«Калі ў майго сына пачаўся пэрыядычны булінг у школе, калі хлопчык паводзіў сябе так: то сябрую, то супраць цябе, ты павінен быць зручны для мяне, для маіх паводзінаў. Я размаўляла з татам гэтага дзіцяці, казала: „Вы лічыце, гэта нармальна ці не?“ А ён: „Ну так, ён моцная асоба“. А моцная ў чым? Яго павінны баяцца ці павінны любіць? Гэта пра рознае: я цябе паважаю, таму што баюся — ці таму, што ты мне падабаесься, я цябе люблю, мне з табой камфортна, спакойна».

Мастачка заўважае, што мілітарысцкая рыторыка і навязваньне сілы ў беларускіх школах ні да чога добрага не прывядзе.

«Чалавек будзе ўсё нішчыць вакол сябе. Калі я выкладала ў дзяцей, спрабавала данесьці, што самае важнае — навучыцца дамаўляцца, быць дыпляматамі».

У праекце закранаецца і тэма вымушанай эміграцыі, а таксама булінгу па нацыянальнай прыкмеце праз вайну ва Ўкраіне. Тацяна лічыць, што такія паводзіны дзяцей зьвязаныя выключна з тым, што бацькі кажуць дома.

«У нашай школе ёсьць хлопчык, у якога тата вайсковец, для яго ўсе беларусы і Беларусь роўныя Лукашэнку. І дзіця пачула яго, пачало гэта выдаваць. Мы склалі з псыхолягам ліст на трох мовах, напісалі бацькам. Там быў заклік, каб бацькі фільтравалі тое, што яны кажуць, каб выхаваць дзяцей здаровымі. Каб пры дзецях гэта альбо не абмяркоўвалася, альбо абмяркоўвалася менавіта для дзяцей, каб яны разумелі, што людзі, якія прыехалі, не страляюць, яны ў закладніках, тлумачылі, як можна дапамагчы такім людзям».

Тацяна заўважае, што ў Польшчы ёсьць настаўнікі, якія тлумачаць бацькам, што трэба вучыць дзяцей размаўляць зь іншымі дзецьмі, якія вымушана пераехалі, спрабаваць іх зразумець.

«Каб дзеці думалі: што б яны адчувалі, калі б іх проста выкінулі, яны згубілі ўсіх сяброў, прыехалі ў іншую краіну, зь іншай мовай? І вось у сваім праекце я і пачынаю таксама з такіх пытаньняў. Варта дасылаць такія лісты бацькам у клясе, прасіць дапамогі ў настаўніка, каб яны таксама прыкладалі намаганьні, каб справіцца з гэтым булінгам, і не баяліся называць праблему праблемай».

Мастачка кажа, што калі яе сына булілі па нацыянальнай прыкмеце, яна разьбіралася з дырэктарам школы і пісала бацькам.

«Важна не настройвацца — маўляў, я з вамі буду ваяваць. Не. Варта проста зьвярнуць увагу на праблему. Можа, мне пашанцавала, бо як толькі я ўсім расказала, што мне не падабаецца, што адбываецца, бацькі адразу паразмаўлялі зь дзецьмі, і дзеці перасталі гэта ўсё вырабляць. Гэта можна ўсё хутка скончыць».

«Мяне прыціснулі да сьцяны, лазілі ў маю шафу, пагражалі, каб я аддаў свае цацкі»

У старэйшай школе падлеткі разумеюць, што яны робяць, а ў пачатковай — гэта несьвядомы працэс, кажа Тацяна.

«Ствараецца зграя, дзе не кантраляваная настаўнікам канкурэнцыя перарастае ў булінг. Яны пачынаюць аб’ядноўвацца між сабой і цкаваць слабога. І гэта ня значыць, што чалавек ня можа адказаць. Маё дзіця спрабавала вучыць дзяцей, умела адказаць, задаць пытаньні: „Ты думаеш, калі б я быў за Расею, я прыехаў бы ў Польшчу?“ Ён задаваў вельмі клясныя пытаньні для свайго васьмігадовага ўзросту, спрабаваў адстойваць сябе, пакуль не пачаліся абразы».

У такіх сытуацыях бацькам вельмі важна заступацца за дзіця і падтрымліваць яго, лічыць Тацяна, а ні ў якім разе не «скідаць» на яго праблему булінгу, быццам яно само разьбярэцца.

«Вучыць, як камусьці адказаць — гэта гіблы нумар. Гэта ўвогуле не праблемы дзіцяці, а школы, адказнасьць настаўніка. З гэтым павінны разьбірацца дарослыя, а ня дзеці, нават не падлеткі. Настаўнік, якога паважаюць, а не баяцца дзеці, можа працаваць на эмацыйны інтэлект, паказаць, што мы разам, мы можам дамаўляцца, а не публічна асуджаць».

Бацькам важна разумець, што іх дзіця ня нейкае няправільнае ці слабое, калі стала ахвярай булінгу, бо гэта можа здарыцца з кожным, — мяркуе аўтарка.

«Калі людзі ўжо пераехалі ў іншую краіну — мора па калена, з усімі цяжкасьцямі можна справіцца»

Тацяна кажа, што хоча падтрымаць сваім праектам людзей, якія апынуліся ў эміграцыі, сутыкнуліся з падобнымі праблемамі.

«Эміграцыя для мне — люстэрка. Мясцовыя могуць зьвярнуць увагу на нашыя працэсы, а мы — на іх. Мне хочацца гэтым праектам паказаць: людзі, у вас ёсьць моц, вы ня страчаныя. Каб беларусы адчувалі сябе не як зацкаванае мышаня, якое забілася ў кут і яму трэба выжыць. Не, вы асоба, якая нарадзілася на плянэце Зямля, і маеце такія ж правы, як і ўсе астатнія. І ўсё атрымаецца».

Сваім праектам Тацяна хоча паказаць людзям шляхі разьвіцьця, каб яны паверылі, што яны сьмелыя і крутыя.

«І калі людзі ўжо пераехалі ў іншую краіну — мора па калена, з усімі цяжкасьцямі можна справіцца. Як і калі жанчына нарадзіла дзіця, то ўсё астатняе — гэта дробязі. Мой праект — пра падтрымку. Каб паказаць людзям, што яны не адны такія, што з падобнымі пытаньнямі сутыкаюцца людзі, якія проста па сваім жаданьні пераехалі. Гэта проста частка нашага жыцьця, пра якую трэба ведаць і вырашаць яе спакойна, быццам схадзіць у краму».

Над праектам яшчэ працуюць: рэжысэр Юра Дзівакоў, кампазытарка Вольга Падгайская, аўдыё-мастэрынг робіць Віталь Эппаў, фота і відэа здымае Паўліна Камарова.

Паглядзець і паўдзельнічаць у тэатральным праекце «рЭвалюцыя Зайца» можна 25 і 26 сакавіка ў Сопаце, 6 і 7 траўня ў Беластоку. Падрабязную інфармацыю шукайце на старонках аўтаркі праекту ў Instagram і Facebook .

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG