Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі Гаюн»: расейскі самалёт А-50, пра пашкоджаньне якога паведамляў ByPol, вылецеў у Расею. ВІДЭА

абноўлена

Расейскі самалёт А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах. Архіўнае фота
Расейскі самалёт А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах. Архіўнае фота

Праект «Беларускі Гаюн» паведаміў, што ў 11:35 2 сакавіка з аэродрому ў Мачулішчах узьляцеў расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У з рэгістрацыйным нумарам RF-50608. Інфармацыю пацьвердзіла крыніца «Зеркала».

У 13:22 «Беларускі Гаюн» удакладніў, што самалёт-наводчык А-50У (RF-50608) пакінуў паветраную прастору Беларусі і толькі што перасёк мяжу з Расеяй.

Тым часам дзяржаўнае «Агенцтва тэлевізійных навін» паведаміла, што «лайнэр А-50 у суправаджэньні іншых самалётаў зьдзейсьніў аблёт дзяржаўнай мяжы Беларусі» і апублікавала відэа, на якім нібыта зьняты ўзьлёт самалёта з аэрадрому ў Мачулішчах. Што зь ім было далей, невядома, відэа пасадкі ў беларускіх СМІ няма.

Паводле папярэдняй інфармацыі праекту «Беларускі Гаюн», борт накіроўваецца на 325-ы авіяцыйны рамонтны завод, які знаходзіцца ў Таганрозе. Менавіта ААТ «325 АРЗ» зьяўляецца прадпрыемствам, якое, у тым ліку, займаецца рамонтам агрэгатаў самалётаў А-50.

Кіраўнік ByPol Аляксандар Азараў у камэнтары «Эўрарадыё» заявіў, што «тэарэтычна самалёт мог узьляцець, але гэта ніяк не даказвае, што дывэрсіі не было».

«Мэтай атакі былі антэна і абсталяваньне. Узьлёт не гаворыць аб працы абсталяваньня. Крылы і рухавікі не былі пашкоджаныя», — сказаў Азараў.

  • Борт ДРЛА А-50У з рэгістрацыйным нумарам RF-50608 прызямліўся ў Беларусі ў пачатку студзеня 2023 году. Папярэдні раз ён прылятаў у краіну 24 лютага 2022 году, у першы дзень наступу Расеі на Ўкраіну.
  • 26 лютага 2023 году ByPol і лідэры апазыцыі ў выгнаньні паведамілі, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У быў пашкоджаны ў выніку атакі бесьпілётнікаў на авіябазу ў Мачулішчах.
  • Група ByPol паведаміла аб двух выбухах і пашкоджаньні пярэдняй і сярэдняй частак А-50, а таксама антэны радара. Паводле ByPol, удзельнікі пляну «Перамога» выкарысталі для гэтага два дроны кампаніі DJI, якія саматужна пераабсталявалі ў дроны-камікадзэ. Кожны дрон нёс 200 грамаў выбуховага рэчыва ў тратылавым эквіваленце. Скарысталі мэталічныя шары, прыблізна 200 штук на кожны.
  • Увечары 1 сакавіка дзяржаўныя тэлеканалы паказалі відэа з самалётам А-50, сьцьвярджаючы, што ён не пашкоджаны. На ім самалёт рухаецца ў цемры па засьнежанай бэтоннай паверхі аэрадрому.
  • Роля самалёта А-50 — стварэньне пазнавальнай карціны паветранай абстаноўкі і забесьпячэньне каардынацыі дзеяньняў зьнішчальнікаў.
  • Нягледзячы на тое, што пашкоджаньні афіцыйна не пацьверджаныя, брытанская выведка адзначае, што страта А-50 была б значнай для РФ, бо самалёт мае вырашальнае значэньне для расейскіх паветраных апэрацый у стварэньні карціны паветранай прасторы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG