Тэлеграм-канал «Тыповы Краснадар» апублікаваў фатаграфіі і відэа густога дыму, які ўзьнімаецца ў раёне вайсковага аэрадрому.
Агонь разгарэўся так моцна, што яго зарэгістравалі спадарожнікі NASA, якія адсочваюць лясныя пажары. На спадарожнікавых здымках Planet.com, зробленых раніцай 3 сакавіка, у «полі», дзе адбыўся пажар, можна ўбачыць шматлікія ўмацаваньні для вайсковай тэхнікі. Яны былі выкапаныя яшчэ да вайны з Украінай і добра заўважныя, напрыклад, на здымках з космасу, зробленых у сьнежні 2021 году.
Мясцовыя і вайсковыя ўлады напад на аэрадром адмаўляюць. Прэсавая служба Краснадарскай вайсковай вучэльні заявіла, што «на тэрыторыі адукацыйнай установы, прыпісанага да яе аэрадрому і прылеглых землях ніякага пажару і задымленьня, а адпаведна, і выбухаў, няма і не было».
У прэсавай службе краявога МНС паведамілі, што адбылося ўзгараньне ў полі, і таксама заявілі, што ніякіх надзвычайных здарэньняў на тэрыторыі Краснадару не было. Мясцовыя жыхары пры гэтым расказалі выданьню, што чулі гукі, падобныя да выбухаў, і моцны гул, а ў цэнтры гораду ў некаторых машын ад гэтых гукаў спрацавала сыгналізацыя.
У мэрыі пасьля гэтага сказалі журналістам, што, як мяркуецца, гэтыя гукі былі «бавоўнай» — «пераходам самалёта на звышгукавую хуткасьць».
Вось як здарэньне апісалі жыхары гораду:
«Унівэрсытэт. Сьцены затрэсьліся ў прыватным доме. Толькі што два выбухі на Гідрабудзе, ажно шкло ўздрыгнула. Пашкоўка, 3 запар. На „Ўсходцы“ 2 разы. Другі быў гучнейшы. Славянскі, ладна грукнула. Хутар Леніна, было чуваць добра», — паведаміў адзін з чытачоў.
Ноччу 28 лютага ў Туапсэ бесьпілётнік атакаваў нафтабазу, пасьля чаго там пачаўся пажар. Яшчэ адзін украінскі БПЛА ўпаў у палях Адыгеі. Гэтую інфармацыю пацьвердзіла Міністэрства абароны РФ. Туапсэ, дзе гэта адбылося, знаходзіцца за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад Краснадару і недалёка ад мяжы з Украінай.