Праз заходнія санкцыі і ўвядзеньне столі цэнаў даходы Расеі ад экспарту нафты і газу ў студзені ўпалі амаль на 40% у параўнаньні са студзенем мінулага году, паведамляе Reuters са спасылкай на дадзеныя Міжнароднага энэргетычнага агенцтва (МЭА).
Паводле зьвестак МЭА, зь якімі азнаёмілася агенцтва, у студзені 2023 году даходы Расеі ад экспарту нафты і газу склалі 18 з паловай мільярдаў даляраў. Гэта на 38% менш, чым 30 мільярдаў даляраў, якія Масква атрымала годам раней, за месяц да ўварваньня ва Ўкраіну.
Паводле выканаўчага дырэктара МЭА Фатыха Бірола, прычынай сталі заходнія санкцыі супраць экспарту расейскіх энэрганосьбітаў, каб скараціць даходы Расеі, якія дапамагаюць ёй працягваць вайну ва Ўкраіне.
Меры Захаду «дасягнулі сваёй мэты ў стабілізацыі нафтавых рынкаў і скарачэньні даходаў Масквы ад экспарту нафты і газу», заявіў Бірол. У МЭА чакаюць, «што гэта зьніжэньне даходаў ад нафты і газу будзе больш рэзкім у наступныя месяцы. І яшчэ больш крутым у сярэднетэрміновай пэрспэктыве праз адсутнасьць доступу да тэхналёгіяў і інвэстыцыяў».
- Узгодненая краінамі «Групы сямі», Эўразьвязам і Аўстраліяй столь цэн на расейскую нафту (не вышэй за 60 даляраў за барэль) набыла моц 5 сьнежня. З 5 лютага пачалі дзейнічаць столі цэнаў на расейскія нафтапрадукты.
- З 1 лютага Расея ўвяла забарону на пастаўкі нафты «недружалюбным» краінам, якія ўвялі на яе цэнавую столь.
- Па падліках Reuters, у 2022 годзе пастаўкі расейскага газу ў Эўропу скараціліся амаль на 46% у параўнаньні з папярэднім годам і дасягнулі мінімальных значэньняў з 2000 году.
- Пасьля ўварваньня ва Ўкраіну Расея спыніла пастаўкі газу ў шэраг краін Эўразвязу, іншыя адмовіліся ад расейскага газу самі. Таксама на зьніжэньне экспарту паўплывала аварыя на «Паўночных патоках».
- Крэмль, які летась зарабіў на продажы нафты і газу каля 146 мільярдаў эўра, быў вымушаны сёлета пачаць прадаваць міжнародныя рэзэрвы, каб пакрыць дэфіцыт бюджэту, зазначае Reuters.
- У пачатку лютага Міністэрства фінансаў Расеі паведаміла, што ў студзені даходы Расеі ад продажу нафты і газу скараціліся на 46% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага года. Адной з прычын у расейскім Мінфіне назвалі зьніжэньне цэнаў на нафту. Па дадзеных агенцтва Bloomberg, расейская нафта гатунку Urals таргуецца напалову сусьветных цэнаў — менш за 38 даляраў за барэль.