Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён ніколі ня быў у Беларусі». «Наша ніва» адшукала сястру падазраванага ў дывэрсіі ў Мачулішчах


Расейскі самалёт A-50, пра падрыў якога ў Мачулішчах паведаміла ініцыятыва ByPol
Расейскі самалёт A-50, пра падрыў якога ў Мачулішчах паведаміла ініцыятыва ByPol

Паводле вэрсіі сілавікоў, падазраваны ў дывэрсіі на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах 26 лютага— Мікалай Швец, ураджэнец Крыму.

Міліцэйская арыентыроўка на Міколу Швяца шырока разышлася па інтэрнэце пасьля інцыдэнту на аэрадроме ў Мачулішчах. Газэта «Наша ніва» адшукала сваячку хлопца з фота і пагаварыла зь ёй на ўмовах ананімнасьці. Вось што яна расказала:

«На фота мой брат. Ну проста зорка! Я баюся даваць ягоны кантакт, бо гэта можа быць для яго небясьпечна пры ўсёй сурʼёзнасьці справы, але ён дакладна ня мае дачыненьня да гэтай акцыі. Ён ніколі ня быў у Беларусі. 25 і 26 лютага ён дома сядзеў ва Ўкраіне: мужчынам жа нельга выяжджаць».

Іх сямʼя родам ня з Крыму, а з Крывога Рогу, хоць і жыла ў Ялце да акупацыі Крыму. Пасьля таго, як Расея акупавала Крым, сям'я Швяцоў выехала:

«Брат зусім не вайсковец. На пачатку вайны Мікола запісаўся ў тэрабарону, але цяпер ён ня там, бо людзей хапае і безь яго, набору няма. Гэтыя фота, хутчэй за ўсё, „зьлітыя“ з базы „ПрыватБанка“ — мне, як жыхарцы Ўкраіны, відаць, што гэта фота, якія рабілі ў банку пры выдачы карткі. Я асабіста лічу, што гэта ўкід зь нейкага боку. Гэтага ня мог зрабіць мой брат», — сцьвярджае сястра Міколы Швяца.

Беларускія сілавікі працягваюць шукаюць падазраванага ў дывэрсіі на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах 26 лютага. Сілавікі падазраюць Мікалая Швяца.

Як вынікае з арыентыроўкі, 29-гадовага ўраджэнца Крыму Мікалая Швеца шукае УУС Менгарвыканкаму праз падазрэньне ва ўчыненьні «асабліва цяжкага злачынства ў гарадзкім пасёлку Мачулішчы 26 лютага».

Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу Nexta, арыентыроўкі таксама разаслалі ва ўсе райаддзелы міліцыі і Міністэрства надзвычайных сытуацый.

Кіраўнік ініцыятывы былых сілавікоў ByPol Аляксандар Азараў заявіў, што нічога ня ведае пра гэтага чалавека. «Нам гэты твар незнаёмы», — сказаў Азараў у камэнтары для «Зеркала».

Тэлеграм-канал ByPol 26 лютага ў 16:05 паводле менскага часу паведаміў, што на вайсковым аэрадроме Мачулішчы пад Менскам раніцай таго ж дня адбыліся два выбухі, якімі быў пашкоджаны расейскі вайсковы самалёт. Пазьней зьявілася інфармацыя пра магчымы падрыў самалёта далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня А-50.

  • ByPol паведаміў, што выбухі пашкодзілі пярэднюю і цэнтральную часткі самалёта. Адказнасьць за дывэрсію ў Мачулішчах узялі на сябе ўдзельнікі пляну «Перамога».
  • Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пакуль ніяк не пракамэнтаваў здарэньня, хоць сам Лукашэнка склікаў не анансаваную раней нараду зь сілавікамі.
  • Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што афіцыйны Менск зьняпраўдзіў інцыдэнт, хоць гэтага не адбылося.
  • Пасьля меркаванага выбуху ў Мачулішчах памежнікі ўзмоцнена надглядаюць людзей на выезьдзе зь Беларусі.
  • Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні людзей у Мачулішчах і Фаніпалі пасьля меркаванага падрыву.
  • Рэдакцыя Свабоды пакуль ня можа спраўдзіць гэтую інфармацыю з дапамогай незалежных крыніц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG