Заснавальнік кампаній Tesla і SpaceX Ілан Маск зноў падняўся на першы радок у рэйтынгу найбагацейшых людзей плянэты па вэрсіі агенцтва Bloomberg. Яго багацьце цяпер складае 187 мільярдаў даляраў.
У сьнежні 2022 году Ілан Маск быў саступіў сваё першынство францускаму бізнэсоўцу-мільярдэру, прэзыдэнту і CEO групы кампаній Louis Vuitton Moët Hennessy Бэрнару Арно, які цяпер займае другое месца з багацьцем у 185 мільярдаў даляраў.
Тады ж Bloomberg паведаміў, што Маск стаў першым чалавекам, які страціў больш за 200 мільярдаў даляраў: яшчэ ў лістападзе 2021 году маёмасьць мільярдэра ацэньвалася ў 340 мільярдаў даляраў. Асноўнай прычынай скарачэньня багацьця Маска стала падзеньне цаны на акцыі Tesla.
У 2023 годзе акцыі Tesla сталі зноў расьці ў цане. За два месяцы яны падаражэлі на 70%, а багацьце Маска павялічылася на 50 мільярдаў даляраў.
Пры гэтым паводле рэйтынгу часопіса Forbes Ілан Маск усё яшчэ саступае францускаму мільярдэру Бэрнару Арно. Трэцяе месца ў абодвух рэйтынгах займае заснавальнік кампаніі Amazon Джэф Бэзас.