«Сівакоў у нас больш не працуе», — ляканічна адказалі «Флагштоку» ў прыёмнай адміністрацыі Чыгуначнага раёну Гомля.
У пачатку лютага 2023 году зьявілася інфармацыя пра тое, што кіраўнік адміністрацыі Чыгуначнага раёну Гомля Аляксандра Сівакова затрымалі на працоўным месцы. Паведамлялі таксама, што разам зь ім затрымалі і ягоную намесьніцу ў эканамічных пытаньнях Натальлю Жук.
Афіцыйнай інфармацыі аб затрыманьні кіраўніцтва адміністрацыі не было. Не пацьвярджалі факту затрыманьня і ў самой адміністрацыі раёну. Раней на званок журналістаў «Нашай нівы» ў прыёмнай адказалі, што Сівакоў і Жук знаходзяцца на бальнічным.
У канцы лютага з сайта адміністрацыі Чыгуначнага раёну і Гомельскага гарвыканкаму была выдаленая інфармацыя пра Сівакова і яго намесьніцу ў эканамічных пытаньнях.
Дзьве крыніцы «Флагштока» ў мясцовых органах улады Гомля паведамілі, што падрабязнасьці крымінальнай справы невядомыя нават падначаленым. Вядома толькі, мова йдзе пра эканамічныя злачынствы.
Аляксандр Сівакоў узначаліў адміністрацыю Чыгуначнага раёну Гомля ў сьнежні 2019 году. Ён быў дэпутатам Гомельскага гарадзкога Савета дэпутатаў, быў чальцом выбарчай камісіі ад раённай арганізацыяй «Белая Русь» у 2016 годзе.