Мадэрнізаваная Канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі «дазваляе рэагаваць не па факце, калі пагроза ўжо зьявілася, а па факце, калі яна толькі фармуецца і зараджаецца», заявіў у эфіры тэлеканала СТВ прадстаўнік Генштабу Ўзброеных сіл Беларусі Арцём Буторын.
«Калі раней крыніцы пагрозы намі трактаваліся як сукупнасьць фактараў, якія фармуюць гэтую непасрэдную пагрозу, то цяпер мы таксама адсочваем суб’екты, якія маюць нейкія інтарэсы, намеры, у тым ліку і дэструктыўныя ў адносінах да нашай дзяржавы», — расказаў прадстаўнік Генштабу.
Паводле яго, цяпер да крыніц пагрозаў нацыянальнай бясьпецы, акрамя «злачынных тэрарыстычных арганізацый, якія прапагандуюць разьвязваньне грамадзянскай вайны на тэрыторыі Беларусі», будуць адносіць таксама «здраднікаў, прадажнікаў і сабатажнікаў», якія «сваімі дзеяньнямі ці бязьдзеяньнем чыняць прамую шкоду ваеннай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».
«Ну а калі браць вонкавыя крыніцы пагрозаў, дык нароўні з традыцыйна недружалюбнымі да нас дзяржавамі і вайскова-палітычнымі блёкамі мы цяпер вылучаем у тым ліку недзяржаўных актараў, у тым ліку тэрарыстычныя арганізацыі міжнародныя», — падсумаваў ён.
Раней дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вольфавіч заявіў, што Канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі Беларусі абнавілі «амаль на 70%» ў сувязі са «зьменамі сусьветнага ваенна-палітычнага становішча», «барацьбой паміж Захадам і Ўсходам».
Новую канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі плянуюць разгледзець на першым пасяджэньні «ўсебеларускага народнага сходу». Раней паведамлялі, што яно пройдзе ў канцы красавіка 2024 году.