На наступным тыдні Аляксандар Лукашэнка паляціць зь дзяржаўным візытам у Кітай, дзе прабудзе там з 28 лютага па 2 сакавіка, паведамляе ягоная прэс-служба.
У праграме візыту анансаваныя перамовы Лукашэнкі і старшыні КНР Сі Цзіньпіня, шэраг сустрэч з вышэйшымі службовымі асобамі КНР, кіраўніцтвам кітайскіх карпарацый.
«У цэнтры ўвагі будуць пытаньні разьвіцьця гандлёва-эканамічнага, інвэстыцыйнага і гуманітарнага супрацоўніцтва, рэалізацыя сумесных маштабных праектаў, узаемадзеяньне ў палітычнай сфэры, рэагаваньне на найбольш вострыя выклікі ў сучаснай міжнароднай абстаноўцы», – гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Лукашэнкі.
Па выніках перамоваў чакаецца падпісаньне вялікага пакету дакумэнтаў па разьвіцьці адносінаў у ключавых сфэрах.
У сакавіку таксама чакаецца візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Іран.
- Тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне. Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне, усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы».
- Іран, які ўжо каля 15 гадоў знаходзіцца пад санкцыямі Рады Бяспекі ААН праз сваю ядзерную праграму, зь мінулага крытыкуюць за верагоднае садзейнічаньне Расеі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Дэмакратычныя краіны абвінавачваюць Тэгеран у продажы Расеі дронаў-камікадзэ «Шахед-136», якія Расея ўжывае для пашкоджаньня ўкраінскай інфраструктуры, у тым ліку грамадзянскай. Іран адмаўляе пастаўкі дронаў Расеі.
- Як паведаміла 24 лютага нямецкае выданьне Der Spiegel са спасылкай на свае крыніцы, Кітай таксама мае намер пастаўляць расейскаму войску дроны-камікадзэ сваёй вытворчасьці; Spiegel, каля сотні бесьпілётнікаў павінны быць адпраўленыя ў РФ ужо да пачатку красавіка.