Сьцісла:
- Нават да вайны і да санкцыяў каля 75% рэальных рэсурсаў эканомікі было пад кантролем дзяржавы.
- Тыя прадпрымальнікі, якія мелі даўнія стасункі з Расеяй, сёньня «на кані», захопліваюць новыя актывы.
- Гаварыць, што беларуская эканоміка на палову прыватная — гэта як верыць у тое, што ў Беларусі існуюць вяршэнства права і дэмакратыя.
- Падзеньне эканомікі ў Расеі ў 2023 будзе значна большым, чым летась.
— Які асноўны стратэгічны ўплыў вайна ва Ўкраіне аказала на беларускую эканоміку? Ці можна сказаць, што ў выніку вайны эканоміка Беларусі ўступіла ў нейкую новую якасную форму?
— Беларуская эканоміка ніколі і не выходзіла зь цяперашняй формы. Гэта дзяржаўнае кіраваньне, Дзяржплян, эканоміка ваеннага становішча. За год вайны ў рэжыме санкцыяў, у рэжыме краіны суагрэсара яна стала значна бліжэй да Расеі. Тое, што цяпер каля дзьвюх трацін экспарту ідзе ў Расею, шмат пра гэта сьведчыць. Крэдыты з Расеі, рынкі збыту з Расеі, наднацыянальныя органы таксама з Расеі.
Уведзеныя пасьля вайны санкцыі мелі свой уплыў, але ў якасьці іх нэўтралізацыі Лукашэнка вырашыў яшчэ больш інтэгравацца з Масквой. Так што нельга гаварыць, што ў выніку вайны беларуская эканоміка стала нейкай іншай — проста разьвіваліся і пагаршаліся тыя самыя старыя тэндэнцыі. Тыя 4,5 працэнта падзеньня валавога ўнутранага прадукту (ВУП) у 2022 годзе — гэта цана, якую, падтрымаўшы агрэсара, Беларусь заплаціла за адмову ад супрацы з Эўразьвязам і Ўкраінай.
— Вайна з прадпрымальнікамі, арышт прыкметных бізнэсоўцаў, апублічваньне высокіх заробкаў кіраўнікоў гандлёвых прадпрыемстваў сьведчаць аб працэсах адзяржаўленьня эканомікі ці гэта рыторыка для масавай публікі?
— Нагадаю, што нават да вайны і да санкцыяў недзе 75 працэнтаў рэальных рэсурсаў эканомікі было пад кантролем дзяржавы. Я ня думаю, што можа быць яшчэ большае адзяржаўленьне — да стану Савецкага Саюзу. Наўрад ці. Проста ідзе пераразьмеркаваньне плыняў і рэсурсаў, якія былі «чужымі» — нават уключаючы замежны бізнэс, які не ўпісаўся ў існую мадэль кіраваньня. І гэта тое, што патрэбна генэралам, палкоўнікам і іхным гаспадарам. Так што было дзяржаўнае кіраваньне, яно і застаецца, проста мяняюцца твары гаспадароў, распрацоўваюцца іншыя мэханізмы. Тыя прадпрымальнікі, якія мелі даўнія стасункі з Расеяй, — яны сёньня «на кані», захопліваюць новыя актывы. Я думаю, гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца і ў 2023 годзе.
— Вы сказалі, што 75 працэнтаў рэсурсаў беларускай эканомікі знаходзіцца пад кантролем дзяржавы. Але ёсьць афіцыйныя лічбы, паводле якіх да паловы ВУП ствараецца ў прыватным сэктары. Ці вы лічыце, што частка прыватнага сэктару таксама дэ-факта кіруецца дзяржавай?
— Вакол кожнага дзяржаўнага прадпрыемства існуюць фармальна прыватныя структуры, якія займаюцца разьмеркаваньнем гандлёвых патокаў. Таму чыста статыстычна — так, каля 50 працэнтаў. Але дэ-факта, калі глядзець на рэсурсы, патокі, то гэтыя фірмы-«прысоскі» — фактычна той самы дзяржаўны сэктар. Таму няма ніякай паловы эканомікі ў прыватных руках.
І нават калі ў прыватным сэктары ёсьць траціна эканомікі, — то яна падпарадкоўваецца правілам і інструкцыям, ураду, розным міністэрствам. Гаварыць, што беларуская эканоміка напалову прыватная, гэта як верыць у тое, што ў Беларусі існуюць вяршэнства права і дэмакратыя. Бо фармальна нібыта ёсьць і парлямэнт, і суды, і выбары. Але што ў рэальнасьці?
— Зараз разгараецца беларуска-польскі палітычны памежны канфлікт, які набывае ў тым ліку і эканамічныя праявы. Наколькі дорага гэта можа каштаваць Лукашэнку, наколькі далёка бакі могуць пайсьці ў гэтым канфлікце?
— Польшча бароніць свае інтарэсы, бясьпеку, а таксама правы польскай нацыянальнай меншасьці, рэагуючы на прысуд Андрэю Пачобуту. Варшава паказвае, што можа думаць і дзейнічаць ня толькі ў кантэксьце грошай, але з гледзішча каштоўнасьцяў.
У выпадку абвастрэньня канфлікту значна больш страціць Беларусь, сотні мільёнаў даляраў. Пацярпіць і памежны гандаль, які даваў грошы жыхарам памежных рэгіёнаў. Людзі зь Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцей пачнуць задумвацца: «А што нам тут рабіць, чым зарабляць на жыцьцё»? Павялічыцца ад’езд зь Беларусі людзей з гэтых рэгіёнаў.
— Грузаабарот у Беларусі ў 2022 годзе зьнізіўся на 25%, паводле афіцыйных лічбаў Белстату. У той час як, нагадаем, ВУП упаў менш як на 5%. Але нярэдка эканамісты знаходзяць пэўную сувязь паміж гэтымі паказчыкамі. Чым можа патлумачыць такую пяціразовую розьніцу?
— Рэч у тым, што сёньняшняя дзяржаўная эканамічная статыстыка — гэта па сутнасьці ідэалягічныя паказьнікі, якія прапануе і зацьвярджае ўлада. Таму верыць у тое, што яны кажуць, нельга. У Беларусі няма аб’ектыўнай рынкавай статыстыкі. Дадзеныя па экспарце закрылі ўжо ў 2020 годзе, цяпер і банкаўскай інфармацыі стала менш. Так што гэта ўжо эканоміка з заплюшчанымі вачыма.
— У пачатку вайны шмат гаварылі пра тое, як санкцыі хутка падарвуць стан расейскай эканомікі. Зараз зноў, як і ў 2014 годзе, аказваецца, што яна не сьпяшаецца развальвацца...
— Санкцыйны рэжым супраць расейскіх і беларускіх кампаніяў быў дзіравы, яго вельмі лёгка можна было абыходзіць — пры дапамозе Кітаю, Індыі, Турэччыны. А таксама пры дапамозе розных структур, «пракладак». У першай палове 2022-га быў вялікі попыт на газ і нафту і Расея на гэтым шмат зарабіла. Таму падзеньне ВУП Расеі адбылося на 2 працэнты, а не на 8-10, як прагназаваў Цэнтрабанк Расеі ў пачатку вайны.
Цяпер Эўропа спыняе купляць расейскі газ, уводзіць абмежаваньні на цану на расейскае паліва, больш пільна сочыць за выкананьнем санкцыяў, так што падзеньне эканомікі ў Расеі ў 2023 будзе значна большым.
— Але ці ёсьць у Захаду дастаткова жорсткае жаданьне сапраўды прыдушыць эканоміку агрэсара найперш тэхналягічна, не дазволіць ніякім шляхам паступленьня ў Расею сучасных тэхналёгіяў, асабліва двайнога прызначэньня?
— На жаль, такой жорсткай пазыцыі няма нават ва ўсіх сяброў NATO. Напрыклад, паглядзіце, як паводзіць сябе тая ж Турэччына. Індыя, Кітай робяць гэта празь фірмы-пракладкі, афшоры, розныя юрысдыкцыі. Так што ад тэарэтычнага жаданьня да адназначных дзеяньняў даволі вялікая дыстанцыя. Напрыклад, калі расейская нафта зьмешваецца часткова зь іншай, то гэта ўжо як бы «нерасейская» нафта. Як у свой час у Беларусі былі «разбаўляльнікі і распушчальнікі».
Так што на сёньня галоўнае — гэта даць зброю Ўкраіне. А санкцыі і астатнія рэчы аслабляюць Расею, вядома, але гэты эфэкт не імгненны, а расьцягнуты на гады.