Пра гэта гаворыцца ў пастанове Міністэрства здароўя, прынятай 20 студзеня сёлета. Яна закранае дзейнасьць аптэк першай, другой і пятай катэгорыяў. Пра гэта піша «Наша ніва».
Першая і другая катэгорыі — гэта галоўныя (вялікія) аптэкі. А аптэкі пятай катэгорыі — дробныя, ім звычайна адводзіцца невялікі катушок у гандлёвых цэнтрах, на вакзалах, рынках ці ставіцца шапік. Цяпер, згодна з пастановай, неабходна спачатку адкрыць аптэку першай ці другой катэгорыяў і толькі пасьля дазваляецца адкрыцьцё ўстановы пятай катэгорыі.
«Разьмяшчаць вялікія камэрцыйныя аптэкі ў невялікіх гарадах нявыгадна, таму, напрыклад, у Валожыне ці Лоеве калі не будзе галаўной аптэкі, то і яе філіялаў таксама не будзе», — тлумачыць загадчыца адной з камэрцыйных аптэк.
З 1 чэрвеня 2023 года камэрцыйным аптэкам пятай катэгорыі (а многія з камэрцыйных аптэк адносяцца да гэтай катэгорыі) дазволяць прадаваць толькі безрэцэптурныя лекавыя прэпараты.
«Гэта не асноўны даход камэрцыйных аптэк, бо большасьць лекаў безрэцэптурныя. Аднак галоўнае з пераліку таго, што мы не можам прадаваць — гэта жыцьцёва важныя рэцэптурныя прэпараты, якія не вырабляюцца ў Беларусі і якія выпісваюцца ільготна. Людзі такія лекі куплялі, дзе знаходзілі, калі іх не было ў сеткі дзяржаўных аптэк „БелФармацыі“. Прыяжджалі па іх нават і расейцы», — расказвае аптэкарка.
Паводле яе, абмежаваньні прывядуць да зьмяншэньня даходу камэрцыйных аптэк. Стратныя аптэкі пачнуць зачыняцца.
Як адзначае «Наша ніва» на 23 лютага, згодна з нацыянальным банкам вакансіяў, установам здароўя не хапала 235 правізараў. Амаль усе заяўкі з вакантнымі месцамі — ад «БелФармацыі». У Беларусі больш за 3500 аптэк. Колькасьць камэрцыйных і дзяржаўных аптэк прыкладная роўная.