Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн у Варшаве згадаў народ Беларусі, які працягвае змагацца за дэмакратыю


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падчас прамовы ў Варшаве 21 лютага 2023
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падчас прамовы ў Варшаве 21 лютага 2023

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у сталіцы Польшчы выступіў з нагоды першай гадавіны вайны Расеі супраць Украіны.

У сваёй прамове Байдэн заявіў, што Расея ніколі ня здолее перамагчы ва Ўкраіне. Ён паабяцаў Украіне працяг падтрымкі зброяй, а таксама эканамічнай і гуманітарнай падтрымкі з боку кааліцыі на чале з ЗША.

Прэзыдэнт ЗША заявіў, што Расея заплаціць вялікую цану за ваенныя злачынствы, у тым ліку ўдары па цывільных аб'ектах і выкраданьне дзяцей. Ён таксама адзначыў, што расейскае кіраўніцтва ня здолела дасягнуць тых мэтаў, якія ставіла перад маштабным уварваньнем ва Ўкраіну.

«Калі Расея пачала ўварваньне, пад выпрабаваньне трапіў увесь сьвет. Уся дэмакратыя апынулася пад пагрозай. Мы стаялі перад простымі пытаньнямі — ці зможам мы захаваць моц або праявім слабасьць? Праз год мы ведаем адказ — мы аказаліся моцныя, і мы і далей будзем змагацца за сувэрэнітэт і права людзей супраціўляцца агрэсіі».

Байдэн назваў «сьвятой клятвай» абавязаньне NATO абараняць любую з краінаў альянсу ў выпадку нападу звонку. «Напад на аднаго — гэта напад на ўсіх».

Прэзыдэнт ЗША згадаў рашэньне Фінляндыі і Швэцыі далучыцца да NATO. Паводле Байдэна, Пуцін хацеў «фінляндызацыі» NATO, але атрымаў «NATOізацыю» Фінляндыі.

Прэзыдэнт Байдэн зазначыў: «…У моманты вялікіх узрушэньняў і няўпэўненасьці ведаць, што ты адстойваеш, і ведаць, хто з табой, мае значэньне». І назваў адзін з прыкладаў: «Вось так адважныя лідэры апазыцыі і народ Беларусі працягваюць змагацца за сваю дэмакратыю».

Пры канцы прамовы прэзыдэнт ЗША сказаў, што няма больш высакароднай мэты і вышэйшага імкненьня, чым свабода. «Усё, што мы робім цяпер, трэба рабіць так, каб нашыя дзеці і ўнукі ведалі гэтае слова — свабода. Вораг тыранаў, надзея сьмелых і праўда вякоў — свабода».

20 студзеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зь неабвешчаным візытам наведаў сталіцу Ўкраіны напярэдадні гадавіны расейскага ўварваньня.

Ён заявіў у Кіеве пра новыя пастаўкі амэрыканскага «крытычна важнага абсталяваньня», у тым ліку артылерыйскіх боепрыпасаў, супрацьтанкавых сыстэм і сродкаў СПА, а таксама пра санкцыі супраць расейскай эліты і кампаній, якія спрабуюць ухіліцца ад ужо існуючых санкцый альбо падтрымаць расейскую абаронную прамысловасьць.

Падчас візыту Байдэна ў Кіеў на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны была абвешчаная паветраная трывога — пасьля таго як Расея падняла ў паветра з аэрадрома ў Беларусі зьнішчальнік з ракетамі.

«Мы паінфармавалі Расею пра тое, што прэзыдэнт Байдэн адправіцца ў Кіеў, за некалькі гадзін да адпраўленьня, у мэтах пазьбяганьня канфліктнай сытуацыі», — сказаў дарадца Байдэна па бясьпецы Джэйк Саліван, які таксама быў у Кіеве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG