Суд Жлобінскага раёна 1 лютага абвінаваціў непаўналетняга Лявона Салдаценку ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Судовы працэс праходзіў у выязным паседжаньні ў будынку мясцовага РАУС. Справу разглядала судзьдзя Сьвятлана Андрэева.
Паводле сьледзтва, непаўналетні Салдаценка ўвечары 9 жніўня 2020 года прыбыў у цэнтральную частку Жлобіна, дзе адбывалася акцыя пратэсту, стаяў на праезнай частцы вуліцы Першамайскай і нібыта перашкаджаў руху транспарту. Выкрыкваў розныя лёзунгі, рабіў гучныя воплескі рукамі і сьвістаў.
У судзе абвінавачаны віну прызнаў. Суд пакараў Салдаценку абмежаваньнем волі на тэрмін 1 год і 6 месяцаў без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію»).
Падпалкоўніка запасу асудзілі да 5 гадоў калёніі за камэнтары ў інтэрнэце
У Горадзенскім абласным судзе 17 лютага асудзілі Андрэя Быкава паводле:
- ч.3 арт. 361 (Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь),
- ч. 1 арт. 130 (Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці),
- арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады),
- ч. 2 арт. 367 (Паклёп у дачыненьні да Лукашэнкі),
- ч. 1 арт. 366 (Гвалт альбо пагроза гвалтам, зьнішчэньнем альбо шкодай маёмасьці ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, альбо іншай асобы, якая выконвае грамадзянскі абавязак),
- ч. 2 арт. 366 (Тыя ж дзеяньні, зьдзейсьненыя ў дачыненьні да Лукашэнкі),
- ч. 2 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі).
Судзьдзя Васіль Скок прызначыў Андрэю 5 гадоў калёніі узмоцненага рэжыму і штраф 50 базавых велічыняў, а таксама пазбаўленьне званьня падпалкоўніка запасу.