Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктара крамы аўтазапчастак, які адмовіўся прадаваць тавар расейскім вайскоўцам, аштрафавалі на 11 тысяч рублёў


Судзьдзя Арцём Падалянец і пракурор Сьвятлана Пасемка (зьлева). Скрыншот зь відэасюжэту «ТРК Брэст», люты 2023
Судзьдзя Арцём Падалянец і пракурор Сьвятлана Пасемка (зьлева). Скрыншот зь відэасюжэту «ТРК Брэст», люты 2023

Дырэктару, на якога завялі крымінальную справу, інкрымінавалі парушэньне раўнапраўя грамадзян.

У судзе Баранавіцкага раёну і горада Баранавічы 16 лютага вынесьлі прысуд 65-гадоваму дырэктару крамы аўтазапчастак Віктару Макаранку за тое, што ён адмовіўся прадаваць тавар вайскоўцам Расеі і назваў іх акупантамі, паведамляе «Вясна».

Віктара абвінавацілі паводле арт. 190 Крымінальнага кодэкса («парушэньне раўнапраўя грамадзян»). Судзьдзя Арцём Падалянец на запыт пракуроркі Сьвятланы Пасемкі прызначыў Віктару Макарэнку штраф у памеры 300 базавых велічыняў (11 100 беларускіх рублёў).

Індывідуальная дзейнасьць Макаранкі, якую ён вёў з 1993 году, спынілі рашэньнем эканамічнага суду.

28 кастрычніка 2022 года адзін з праўладных тэлеграм-каналаў апублікаваў пост, у якім расказаў пра затрыманьне ў Баранавічах дырэктара крамы аўтазапчастак. Паводле іх, мужчына сказаў свойму падначаленаму: «​Не прадавай ім нічога, яны акупанты». Пад акупантамі меліся на ўвазе вайскоўцы Расейскай Федэрацыі.

У выніку бізнэсоўца затрымалі. Як пішуць праваабаронцы са спасылкай на праўладны тэлеграм-канал, пасьля затрыманьня ў яго нібыта знайшлі доказы ўдзелу ў пратэстах 2020 году, а таксама інфармацыю пра зробленыя пасьля 24 лютага 2022 году грашовыя пераводы ўкраінскаму войску.

Баранавіцкая міжраённая пракуратура тады паведаміла, што завяла крымінальную справу на 65-гадовага мясцовага жыхара, якому інкрымінавалі парушэньне раўнапраўя грамадзян.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG