Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўным доктарам Горадзенскай абласной дзіцячай лякарні прызначылі прыхільніка вайны супраць Украіны


Аляксандар Козіч
Аляксандар Козіч

Нягледзячы на ранейшыя заявы пра «апалітычнасьць», Аляксандар Козіч зрываў бел-чырвона-белыя стужкі, удзельнічаў у праўладных аўтапрабегах і публічна падтрымаў вайну Расеі супраць Украіны.

Галоўным доктарам Горадзенскай абласной дзіцячай клінічнай лякарні прызначылі Аляксандра Козіча, паведаміў «Медицинский вестник». Гэта вядомая асоба ў рэгіёне, у прыватнасьці сваімі палітычнымі заявамі.

Most.media напісаў пра новага кіраўніка ўстановы — ён адкрыта падтрымлівае палітыку Аляксандра Лукашэнкі і ўварваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну.

Аляксандр Козіч нарадзіўся ў вёсцы ў Берасьцейскай вобласьці, да 18 гадоў жыў у Пінску, вучыўся ў Горадні ў Мэдычным унівэрсытэце. У 2019 годзе атрымаў прызначэньне на пасаду галоўнага доктара ў Мастах. Ён працаваў там у пэрыяд каранавіруснай пандэміі і пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў.

Увосень 2020 году ў Аляксандра Козіча ўзяў інтэрвію Валянцін Раільчанка, які вядзе палітычны блог на YouTube. Датычна пратэстаў Козіч заяўляў, што лекар павінен быць апалітычным і канкрэтна ён як кіраўнік лякарні не перасьледуе сваіх падначаленых за іншую палітычную пазыцыю.

Пры гэтым Козіч падтрымліваў рэпрэсіі, удзельнічаў у аўтапрабегах пад чырвона-зялёнымі сьцягамі і паехаў на «ўсебеларускі народны сход». У сацыяльных сетках Козіч публікаваў допісы ў падтрымку АМАПу з хэштэгамі «Работайте, братья», «Беларусь не предают».

Пасьля адкрыцьця крамы ў Менску з таварамі з цытатамі Лукашэнкі Козіч набыў і сабе некалькі рэчаў. Таксама доктар зрываў бел-чырвона-белыя стужачкі ў Горадні.

Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году Козіч пачаў публікаваць прарасейскія допісы ў сваім інстаграме. У іх Козіч падтрымліваў вайну, сьцьвярджаў, што расейскія войскі прыйшлі вызваляць украінцаў і толькі Лукашэнка можа прынесьці мір.

Пазьней, калі пра яго пазыцыю напісалі журналісты, ён зрабіў сваю старонку ў інстаграме закрытай. Аднак у яго па-ранейшаму на аватарцы стаіць літара Z, якая стала сымбалем вайны Расеі супраць Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG