Ва ўмовах «беспрэцэдэнтнага ціску на палітычных зьняволеных і ўзмацненьня рэпрэсій за выказваньне думак і вальнадумства» ў Беларусі кампанія па вяртаньні мігрантаў «выклікае недавер», гаворыцца ў заяве прадстаўнікоў Аб'яднаньня сваякоў палітвязьняў і былых палітвязьняў.
Такім чынам ініцыятыва адрэагавала на прыняцьце ўказу нумар 25 «Аб разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь у пытаньнях учыненьня імі правапарушэньняў, якія знаходзяцца за мяжой».
Сябры абʼяднаньня з «горыччу канстатуюць», што іхных сваякоў і калег пазбаўляюць магчымасьці перапіскі, адэкватнай мэдыцынскай дапамогі, сустрэч з адвакатамі, спатканьняў, іх падвяргаюць «непамерным пакараньням, катаваньням, умовы ўтрыманьня ўзмацняюцца, а тэрміны зьняволеньня павялічваюцца».
«Мы будзем вітаць спробы кіраўніцтва дзяржавы зьнізіць градус напружаньня ў грамадзтве, але гэта павінны быць рэальныя крокі да прымірэньня, а ня іх імітацыя, – гаворыцца ў заяве. – Доказам гатоўнасьці прадстаўнікоў улады да дыялёгу можа лічыцца як мінімум спыненьне зьдзекаў з палітзьняволеных і паляпшэньне ўмоў» іх утрыманьня, спыненьне палітычна матываваных арыштаў і судоў. Як максымум – грамадзтва чакае поўнай адмовы ад рэпрэсій і вызваленьня палітвязьняў».
Абʼяднаньне сваякоў палітвязьняў і былых палітвязьняў зьявілася сёлета ў студзені. Тады яго прадстаўнікі зьвярнуліся да сусьветнай супольнасьці з заклікам да «больш рашучых дзеяньняў» у вызваленьні іхных блізкіх.
У ініцыятыўную групу абʼяднаньня ўваходзяць сястра Марыі Калесьнікавай Тацяна Хоміч, муж Ірыны Слаўнікавай Аляксандр Лойка, жонка Ўладзіміра Мацкевіча Сьвятлана Мацкевіч.
Зварот на гэты момант падпісалі 29 чалавек, у тым ліку муж Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) Ігар Ільяш, жонка Дзяніса Івашына Вольга Івашына, дачка Рыгора Кастусёва Галіна Антончык, экс-палітзьняволеная Дарʼя Чульцова і інш.