Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нарцысізм і дыктат». Што вядома пра Марата Маркава, які бярэ «пакаяльныя інтэрвію» ў затрыманых


Марат Маркаў, каляж
Марат Маркаў, каляж

Гендырэктар АНТ Марат Маркаў быў афіцэрам і працаваў у Адміністрацыі прэзыдэнта пад кіраўніцтвам Янчэўскага. Калі ўзначаліў АНТ, то ўладкаваў туды дачку. Расказваем, што вядома пра аднаго з самых пазнавальных прапагандыстаў.

Генэральны дырэктар АНТ Марат Маркаў зрабіў чарговую відэагутарку з чалавекам, які знаходзіцца ў няволі. Гэтым разам госьцяй праграмы «Нічога асабістага» стала славутая лёгкаатлетка, штурхальніца ядра Надзея Астапчук.

Спартоўку затрымалі 15 сьнежня. Расейская праваабаронца Кацярына Яньшына перасякалася з Астапчук на Акрэсьціна. «Хворая, лежачы на падлозе, закрывала людзей ад скразьняку», — казала Яньшына пра беларускую лёгкаатлетку. Па інфармацыі Свабоды, цяпер Надзея пад хатнім арыштам. У 2020 годзе Астапчук падтрымала рух за справядлівыя выбары.

Раней Марат Маркаў ужо запісваў інтэрвію зь Юрыем Васкрасенскім, калі той быў у зьняволеньні ў СІЗА КДБ, а таксама з Раманам Пратасевічам, якога арыштавалі пасьля пасадкі ў Менску самалёта Ryanair.

Свабода пацікавілася, што вядома пра Марата Маркава.

«Беларус па месцы нараджэньня»

Марат Маркаў нарадзіўся ў 1969 годзе ў Лунінцы на Берасьцейшчыне. Там жа жыве ягоная маці Лілія Маркава, шмат гадоў яна адпрацавала загадчыцай натарыяльнай канторы.

«Я беларус па месцы нараджэньня і сталеньня. Сям’я ж мая інтэрнацыянальная. Ува мне цячэ і грузінская кроў», — казаў Маркаў у інтэрвію часопісу «Беларусь» у 2018 годзе.

Па сканчэньні школы паступіў вучыцца ў Менскае вышэйшае інжынэрнае зэнітна-ракетнае вучылішча. Вядома, што потым на працягу 13 гадоў быў афіцэрам у адной з частак гораду Менску, быў намесьнікам камандзіра ўзводу. Але пра сваё вайсковае мінулае Маркаў чамусьці зусім ня любіць успамінаць.

Празь нейкі час ён перакваліфікаваўся на цывільную прафэсію, скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Заснаваў кампанію «Аўдытсэрвіс», дзе быў дырэктарам. Назваць той досьвед пасьпяховым было немагчыма. Маркаў вяртаецца на дзяржаўную працу, спачатку ў агенцтва БелТА, а потым у Адміністрацыю прэзыдэнта. Там даслужыўся да першага намесьніка начальніка галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня.

За ідэалёгію ў Адміністрацыі прэзыдэнта ў той час адказвалі Алег Праляскоўскі (да 2008 году) і Ўсевалад Янчэўскі (ад 2008). Пазьней Праляскоўскі стане міністрам інфармацыі, а цяпер не на дзяржаўнай службе. Янчэўскі на сёньня ўзначальвае Парк высокіх тэхналёгій.

Вазіў беларускія дэлегацыі на «Эўрабачаньне»

Маркаў скончыў асьпірантуру катэдры паліталёгіі і палітычных навук Акадэміі кіраваньня. У гэты час ён актыўна публікуецца ў альманаху «Рэфлексіўныя працэсы і кіраваньне». Суаўтарам выступае вядомы аналітык Юры Царык. Захаваліся некаторыя публікацыі з таго пэрыяду.

13 сьнежня 2011 году Марата Маркава прызначаюць намесьнікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі. Там ён пачаў курыраваць навінавы блёк, разьмяркоўваў час падчас дэбатаў на парлямэнцкіх выбарах 2012 году. У 2014 становіцца кіраўніком беларускай дэлегацыі на «Эўрабачаньні» ў Капэнгагене. Тым самым, дзе перамагла аўстрыйка Канчыта Вурст. На наступны год Маркаў ужо вязе дэлегацыю ў Вену.

У 2015 Марат Маркаў пачынае на БТ аўтарскі праект «Буйным плянам», куды запрашае чыноўнікаў і іншых праўладных экспэртаў.

У сакавіку 2017 году ён замяняе шматгадовага кіраўніка АНТ Рыгора Кісяля і становіцца новым кіраўніком тэлеканалу. На АНТ ён хутка распачынае аналягічную перадачу «Нічога асабістага». Першым госьцем становіцца кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава.

«Жорсткі, любіць помсьціць»

Былая калега Марата Маркава на ўмовах ананімнасьці пагадзілася расказаць пра экс-начальніка.

«На мой погляд, гэта такі нарцыс, вакол якога павінен круціцца сьвет. Ён не прымае іншых думак, толькі ягоная правільная. На БТ ён стварыў вакол сябе кола людзей, але не па прафэсійных якасьцях, а па гнуткасьці хрыбта», — кажа суразмоўца.

Па яе словах, многіх сваіх бліжэйшых паплечнікаў Маркаў забраў з БТ на АНТ. Сярод іх вядоўца Дзьмітры Бачкоў. Сам Бачкоў неаднаразова хваліў Маркава, называў яго харызматычным і прафэсіяналам.

«На АНТ ён выціскаў людзей, якія там працавалі пры Рыгору Кісялю. Маркаў і журналістыка — гэта як дзьве паралельныя прамыя. Ён марыў быць зоркай, ішоў на тэлебачаньне з такой устаноўкай. Па натуры ён нейкі сьледчы, гэта бачна па ўсіх ягоных інтэрвію. Нарцысізм і дыктат — гэта асноўнае, як можна ахарактарызаваць Маркава. Ён любіць лісьлівасьць у свой бок, вакол яго трэба скакаць, як вакол навагодняй ялінкі. Ён сябе ўзьвёў у такі культ», — расказвае былая калега.

Яна прыводзіць прыклад зь відэасьведчаньнем, што застаўку да сваёй перадачы «Нічога асабістага» Маркаў узяў зь фільму «Трон: Спадчына».

«Чалавек жорсткі, які любіць помсту. Ён нават выказваўся, што будзе помсьціць тым людзям, якія сышлі з АНТ у 2020 годзе. А вось да людзей, што стаяць вышэй за яго, ён пачынае падлізвацца, бо разумее, што ад іх залежыць», — кажа суразмоўца.

«Не апазыцыя, а ворагі народу»

Вядомы вядоўца, а цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Тэнгіз Думбадзэ расказваў «Нашай Ніве», што сышоў з тэлеканалу АНТ праз канфлікт з Маркавым.

«Я павінен быў хадзіць да Маркава па запісе — гэта было абразьліва для мяне», — казаў Думбадзэ.

У 2020 годзе Марат Маркаў актыўна падтрымлівае Лукашэнку. «У прыхільнікаў Бабарыкі нейкі „стакгольмскі сындром“, ім няважна ведаць праўду, ім галоўнае спачуваць», — казаў ён. Менавіта ў эфіры ў Маркава зьявіўся кіраўнік МУС Юры Караеў празь некалькі дзён пасьля 9 жніўня.

«Той, хто заклікае да санкцый, — гэта не апазыцыя, а ворагі народу», — казаў Маркаў. Па яго словах, з тэлеканалу АНТ падчас пратэстаў 2020 году сышло каля 12% работнікаў. Сам гендырэктар казаў, што на працу кампаніі гэта ніяк не паўплывала. Аднак ёсьць сьведчаньні, што Маркаў пагражаў супрацоўнікам, якія звальняюцца, крымінальнымі справамі.

Сярод тых, хто звольніўся тады з АНТ, чалец лукашэнкаўскага пулу журналістаў Дзьмітры Семчанка. 15 верасьня 2022 году Семчанка быў затрыманы ў рамках крымінальнай справы, цяпер ён у жодзінскім СІЗА.

Ад 2020 году Маркаў пачаў браць інтэрвію ў людзей, якія знаходзяцца ў няволі. Незалежныя СМІ ў асноўным не цытуюць такія размовы.

Дачка працуе на АНТ

Што тычыцца асабістага жыцьця Марата Маркава, то ён жанаты другі раз. Па зьвестках «Кібэрпартызанаў», ягоная жонка Вольга працуе рэдактарам у дзяржаўным агенцтве БелТА.

Дачцэ ад першага шлюбу Анастасіі 32 гады. Яна, як і бацька, выпускніца юрфаку БДУ. На сайце ВНУ засталася цікавая анкета, якую Анастасія запаўняла амаль 12 гадоў таму. На пытаньне, у якую краіну яна б хацела зьезьдзіць, адказвае, што ў Шатляндыю.

«Цікава, ці нашэньне спадніц неяк паўплывала на іх мужнасьць?» — задаецца пытаньнем Маркава. На іншае пытаньне адказвае, што каб была вельмі прыгожая, то «не пайшла б вучыцца, а выйшла б замуж! за алігарха, натуральна».

Па сканчэньні вучобы Анастасія Маркава працавала выкладчыцай у юрыдычным каледжы пры БДУ. Пасьля таго як бацька Маркавай узначаліў АНТ, дзяўчына таксама перайшла на працу на тэлеканал. Цяпер яна намесьніца дырэктара дырэкцыі інтэрнэт-вяшчаньня тэлеканалу АНТ.

«У нас самы папулярны кантэнт-мэйкер — гэта Лукашэнка. У любым разе», — казала яна.

Вядома, што Маркаў часта ходзіць у спартыўную залю. Мае матацыкл «Харлей Дэвідсан», за хуткую язду на якім неаднаразова атрымліваў штрафы. Таксама Маркаў увайшоў у камісію, якая будзе вырашаць, каму можна вяртацца ў Беларусь, а каму — не.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG