Разгляд апэляцыйнай скаргі на вынесены 26 кастрычніка 2022 году вырак праходзіў у Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме.
У выніку суд пакінуў у сіле тэрмін першай інстанцыі. Гэта азначае, што найбліжэйшым часам Сацука перавядуць на ўзмоцнены рэжым адбыцьця пакараньня, як раней і пастанавіў Менскі гарадзкі суд.
З прычыны фармату «сакрэтнасьці» невядомыя акалічнасьці дыскусій з бакоў нагляднага органа і юрыдычнай абароны, аднак па выніку судзьдзя Вярхоўнага суду Тацяна Васілевіч не знайшла прычын да рэвізіі вынесенага абвінавачаньня ці прынамсі зьмякчэньня тэрміну зьняволеньня.
Вядома, што пісьмовы пратэст заняў ажно 85 старонак з пацьвярджэньнямі доказаў уласнай невінаватасьці.
Нядаўна стала вядома, што журналіст скардзіцца на адсутнасьць неабходнай колькасьці лекаў, у яго пачаліся праблемы з сэрцам.
Сацук у лістах на волю наракае, што адміністрацыя СІЗА ў Магілёве, дзе ён чакае вынікаў апэляцыі ў Вярхоўным судзе, адмаўляецца выдаваць яму патрэбныя кардыялягічныя прэпараты, паведамляла Беларуская асацыяцыя журналістаў.
«Моцна захварэў, паднялася тэмпэратура і абвастрыўся гаймарыт, — падзяліліся лістом са службай маніторынгу БАЖ блізкія Сацука. — Піша, што гэтым разам прыхапіла грунтоўна. Але толькі калі адкрыўся рэзкі кашаль, лекар даў антыбіётык і нават дазволіў два дні пасьцельнага рэжыму — само па сабе небывалае паслабленьне.
Па-ранейшаму праблемы з сэрцам, здарыўся прыступ мігальнай арытміі. Лекаў, якія мы высылалі раней, не аддаюць, хоць ён рэгулярна зьвяртаецца. На жаль, хваравіты стан ігнаруюць», — паведамілі сваякі.
Каб рэзка не спыняць прыём таблетак, Сяргей Сацук вымушаны істотна зьмяншаць дозу, каб хапіла на даўжэйшы час. Але такая доза не дапамагае. Турэмныя кантралёры і мэдпэрсанал адмаўляюць праблемы і не выдаюць нават таго, чым забясьпечваюць зьняволенага журналіста сваякі.
У магілёўскім турэмным ізалятары, куды ў канцы мінулага году яго перавялі зь менскага СІЗА № 1, Сяргей Сацук правядзе некалькі наступных тыдняў — на 10 лютага заплянаваны разгляд яго апэляцыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе. Калі заяву не задаволяць, вязьня этапуюць у адну з калёній узмоцненага рэжыму для адбыцьця прысуджанага яму 8-гадовага тэрміну зьняволеньня.
Сацук намагаецца на падставе фактаў даказаць уласную невінаватасьць. БАЖ стала вядома, што апошні варыянт скаргі на прысуд ён склаў асабіста — раней журналіст працяглы час спэцыялізаваўся на судовых тэмах, таму ведае нюансы ня горш за юрыстаў.
- Сяргей Сацук — былы галоўны рэдактар папулярнага партала «Ежедневник» (ej.by), адзін з самых вядомых расьсьледавальнікаў. Яго затрымалі 8 сьнежня 2021 году, у той жа дзень рашэньнем Міністэрства інфармацыі быў заблякаваны доступ да сайта ej.by. Да суду ўтрымлівалі ў СІЗА № 1 Менску, праваабаронцы прызналі журналіста палітычным вязьнем.
- 26 кастрычніка 2022 году судзьдзя Менскага гарадзкога суду Сьвятлана Бандарэнка пакарала Сяргея Сацука 8 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам у эквіваленце 16 тысяч рублёў, абвінаваціўшы паводле трох крымінальных артыкулаў: «Атрыманьне хабару» (арт. 430 КК), «Распальваньне варожасьці» (арт. 130 КК), «Перавышэньне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў» (арт. 426 КК).