Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) заявілі, што апошнія паведамленьні пра баі на ўсходзе Ўкраіны сьведчаць аб аднаўленьні расейскай ініцыятывы.
«Тэмп расейскіх апэрыцый уздоўж лініі Сватавае — Крамянная на захадзе Луганскай вобласьці прыкметна павялічыўся цягам апошняга тыдня», — адзначаецца ў штодзённай справаздачы ISW.
Паводле экспэртаў, расейская армія патроху прасоўваецца ўздоўж мяжы Харкаўскай і Луганскай абласьцей, і гэта пацьвердзілі геалякацыйныя кадры баявых дзеяньняў.
У справаздачы адзначаецца, што Расея падцягнула на луганскі кірунак падразьдзелы адразу некалькіх дывізій, што можа сьведчыць аб пачатку вялікага наступу.
У той жа час аналітыкі адзначаюць, што наступальная апэрацыя яшчэ не дасягнула неабходнага тэмпу, бо Расея пакуль не далучыла да баявых дзеяньняў падразьдзелы 2-й мотастралковай дывізіі, якую ў студзені перадысьлякавалі зь Беларусі ў Луганскую вобласьць.
«Расейскія войскі паступова пачынаюць наступ, але ягоны посьпех немагчыма вызначыць наперад. Хоць расейскія сілы ў Луганскай вобласьці цяпер маюць ініцыятыву, поўнае далучэньне гэтых сіл можа прывесьці да канчатковай кульмінацыі ўздоўж лініі Сватавае — Крамянная. Гэтая кульмінацыя, імаверна, адкрые вакно магчымасьцяў для контранаступу ўкраінскіх войскаў», — адзначылі экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны.
У брытанскай выведцы лічаць, што надвор’е перашкодзіць расейскаму наступу
У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі заявілі, што надвор’е працягвае адыгрываць значную ролю ў ходзе вайны Расеі ва Ўкраіне.
«8 лютага тэмпэратура на глебе была каля 0 градусаў. Цягам наступнага тыдня, паводле прагнозаў, павышэньне тэмпэратуры і раставаньне сьнегу, імаверна, яшчэ больш пагоршаць умовы перамяшчэньня тэхнікі», — адзначылі брытанскія выведнікі.
Паводле іх, найгоршыя ўмовы надвор’я будуць у сярэдзіне і канцы сакавіка, таму абодва бакі могуць пазьбягаць плянаваць наступы на гэты час.
«Аднак уяўныя палітычныя або апэратыўныя магчымасьці могуць пераважыць такія асьцярогі, як гэта ўжо прадэманстраваў пачатак уварваньня Расеі ў канцы лютага 2022 года», — мяркуюць у вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі.
У Генштабе Ўкраіны назвалі кірункі наступу Расеі
Сьпікер Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксандар Штупун паведаміў, што расейскія войскі канцэнтруюць свае намаганьні на вядзеньні наступу на купянскім (Харкаўская вобласьць), ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і навапаўлаўскім кірунках (Данецкая вобласьць).
«За апошнія содні падразьдзелы сілаў абароны адбілі атакі акупантаў у раёнах населеных пунктаў Стэльмахаўка і Белагораўка Луганскай вобласьці, 16 населеных пунктаў Данецкай вобласьці, а таксама каля Новаандрэеўкі на Запарожжы», — паведаміў Аляксандар Штупун.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.