Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зьнікаюць імпэрыі. Ці варта баяцца распаду Расеі


Крэмль У Маскве. Ілюстрацыйнае фота
Крэмль У Маскве. Ілюстрацыйнае фота

Гістарычны парадокс: дзяржавы, якія падазравалі ў намеры распаліць на абшарах былога СССР рэгіянальныя ядзерныя войны, праявілі надзвычай высокую ступень палітычнай адказнасьці (пасьля іх ад атамнай зброі не адмаўляўся ніхто).

А лідэр краіны, у якой жадалі бачыць гаранта міру і дэмакратыі, паставіў сьвет на мяжу ядзернага Апакаліпсісу.

Адным з найбольшых правалаў амэрыканскай выведкі (ня толькі ЦРУ, але ўсёй выведніцкай супольнасьці) лічыцца тое, што яна «прагледзела» магчымасьць распаду Савецкага Саюзу. І, адпаведна, не папярэдзіла пра гэта Белы дом.

Інакш цяжка патлумачыць, чаму прэзыдэнт Джордж Буш (тады яшчэ без дадатку «старэйшы»), выступаючы ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны 1 жніўня 1991 году, адназначна падтрымаў імкненьне Гарбачова захаваць СССР, а ідэю сувэрэнітэту Ўкраіны назваў «суіцыдальным нацыяналізмам».

Безумоўна, ягоная прамова была разьлічана ня толькі на ўкраінскіх палітыкаў, але і на ўсіх тых, хто, як ён тады выказаўся, імкнуліся «зьмяніць чужую тыранію на мясцовы дэспатызм».

Праз тры тыдні Ўкраіна, затым Беларусь, іншыя савецкія рэспублікі абвясьцілі незалежнасьць, якую яшчэ праз чатыры месяцы, пасьля Віскулёў, прэзыдэнт Буш афіцыйна прызнаў, усталяваўшы з новымі краінамі дыпляматычныя адносіны.

Прызнаньне Кандалізы Райс

Але было б несправядліва абвінавачваць у палітычнай недальнабачнасьці аднаго толькі амэрыканскага лідэра. У пачатку 2000-х былі рассакрэчаныя пратаколы перамоваў заходніх кіраўнікоў з Гарбачовым. Вось толькі дзьве цытаты:

«Важна пазьбягаць дзеяньняў, якія б стваралі на Захадзе адчуваньне таго, быццам СССР вось-вось разваліцца на канглямэрат асобных рэспублік». (Канцлер Нямеччыны Гэльмут Коль, 5 ліпеня 1990 г.).

«Я разважаю абсалютна холадна: у інтарэсах Францыі, каб на ўсходзе Эўропы існавала цэнтральная сіла... Я з тых, хто жадае мець у Вашай асобе моцнага партнэра — новы Саюз. Інакш што — Расея, Украіна, Беларусь, Грузія, нейкія яшчэ дзяржавы?.. Францыя ня будзе спрыяць цэнтрабежным сілам» (Прэзыдэнт Францыі Франсуа Мітэран, 30 кастрычніка 1991 г.)

Заўважым, Мітэран вымавіў гэтыя словы больш чым праз два месяцы пасьля абвяшчэньня незалежнасьці прыгаданых ім Украіны і Беларусі.

У тыя ж самыя дні дзяржсакратар ЗША Джэймс Бэйкер сказаў:

«Рэфарматары — гэта якраз хлопцы ў цэнтры (у Маскве. — С.Н.)... Мы ня будзем падтрымліваць распад Савецкага Саюзу на дванаццаць рэспублік» (Сяргей Плахій, «Апошняя імпэрыя. Падзеньне Савецкага Саюзу», АСТ, Масква, 2016, с. 276. Бэйкер сказаў не пра 15, а пра 12 рэспублік, бо анэксіі Літвы, Латвіі і Эстоніі Захад не прызнаваў ніколі).

Але калі непрадбачлівасьць заходніх аналітыкаў і палітыкаў да жніўня 1991-га яшчэ можна было б зразумець, дык якія прычыны ў жаданьні адмаўляць відавочнае ў час, калі ўлада «цэнтру», гэта значыць Гарбачова, сьціснулася да пэрымэтру крамлёўскай сьцяны?

Адказ вельмі просты: у руках Гарбачова быў «ядзерны чамаданчык».

Праз чвэрць стагодзьдзя пасьля выступу Буша ў Кіеве аўтарка тэксту прамовы, тагачасная супрацоўніца Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Кандаліза Райс прызналася, што прычынай адмоўнага стаўленьня да незалежнасьці савецкіх рэспублік былі сумневы ў тым, што распад СССР адбудзецца мірным шляхам, баяліся, што ядзерныя боегалоўкі могуць апынуцца ў руках сумнеўных асобаў.

Уласна, нічога асабліва новага Райс не адкрыла: асьцярогі, што кантраляваны «цэнтрам» ядзерны арсэнал распаўзецца па «нацыянальных кватэрах», адкрыта выказвалася і ў канцы 80-х, і нават пасьля 1991-га.

Можна меркаваць, што аналітыкі і выведка (і ў ЗША, і ў іншых краінах) варыянт распаду СССР пралічвалі, а магчыма, нават і прадбачылі. Але што зробіш — нежаданьне абцяжарваць начальства складанай пэрспэктывай і дадатковым галаўным болем ёсьць традыцыя ўнівэрсальная яшчэ ад рымскіх імпэратараў.

Гістарычны парадокс

Тыя, хто ўдзельнічаў у беларускай палітыцы ў пачатку 90-х, могуць прыгадаць, што і пасьля абвяшчэньня незалежнасьці тэма пазбаўленьня ад ядзернай зброі была галоўнай у размовах заходніх дзеячоў, якія наведвалі Менск.

Але асьцярогі аказаліся дарэмнымі — Беларусь, Казахстан і Ўкраіна, як таго і жадаў Захад, вывелі ядзерныя боегалоўкі ў Расею. Пад цяпер ужо непадзельны кантроль Крамля, дзе ўладарыў Ельцын, у якім Захад бачыў гаранта дэмакратыі ня толькі для Расеі, але і для іншых постсавецкіх краінаў. Тое, што Ельцын захаваў апарат КДБ, супрацоўнікі якога ня надта хавалі свайго стаўленьня як да дэмакратыі, гэтак і да незалежнасьці былых савецкіх рэспублік, мала каго тады на Захадзе турбавала.

Каму ў 1999 годзе Ельцын перадаў прэзыдэнцкае крэсла, да якога стану прывёў гэты пераемнік Расею, ува што ператварыў прынцыпы рэгіянальнай ды і сусьветнай бясьпекі, нагадваць ня трэба.

Гістарычны парадокс: краіны, якіх падазравалі ў магчымасьці і намеры распаліць на абшарах былога СССР рэгіянальныя ядзерныя войны, выявілі надзвычай высокую ступень палітычнай адказнасьці (болей у сусьветнай гісторыі ад атамнай зброі не адмаўляўся ніхто). А лідэр краіны, у якой жадалі бачыць гаранта міру і дэмакратыі, паставіў сьвет на мяжу ядзернага Апакаліпсісу.

Ілюзіі зьніклі, засьцярогі засталіся

Сёньня, калі Ўкраіна змагаецца за сваю незалежнасьць, ніхто з сур’ёзных лідэраў Захаду ўжо ня мае ілюзіяў адносна Расеі. І таму зусім натуральна абмяркоўваецца тэма: а што будзе пасьля?

Пытаньне мае не абстрактны характар, як можа здацца на першы погляд: менавіта зыходзячы з варыянтаў адказу прымаюцца канкрэтныя рашэньні адносна і падтрымкі Ўкраіны, і стаўленьня да Масквы. Дакладней кажучы, варыянты гэтыя істотна ўплываюць на такія рашэньні.

У тым, што Ўкраіне трэба дапамагаць, сумневу ў лідэраў дэмакратычных «вялікіх краінаў» (Кітай у іх лік не ўваходзіць) няма, але цяпер, як і год таму, калі Расея разьвязала вайну, пытаньне «А да якой ступені?» — застаецца.

Так, Кіеву пачалі пастаўляць зброю, пра якую вясной 2022-га нават гаворкі весьці не жадалі. На Расею, на яе кіраўнікоў і членаў сем’яў накладзеныя санкцыі, якіх год таму асьцерагаліся (напрыклад, не жадаючы пакрыўдзіць Аліну Кабаеву, якую лічаць маці дзяцей Пуціна).

Але ўсё роўна Захад абмяжоўвае намэнклятуру зброі, якую пастаўляе, і тым больш не жадае ўступаць у непасрэднае ваеннае сутыкненьне з Масквой. Прычына ўсё тая ж: не раззлаваць Пуціна да той ступені, калі ён палічыць неабходным прымяніць ядзерную зброю. Бо гэта можа выклікаць некантраляваную ланцуговую рэакцыю, у фінале якой — ядзерная зіма.

І калі заходнія палітыкі вымаўляюць фразу «параза Расеі» — яны маюць на ўвазе яе паразу менавіта на тэрыторыі Ўкраіны, а зусім не паразу такога характару, якая напаткала нацысцкую Нямеччыну ў 1945-м.

Падобна на тое, што, як і ў 1991-м, у 2023-м лідэры цывілізаванага сьвету баяцца бязладзьдзя, якое можа ўсталявацца цяпер ужо не ў былым СССР, а ў Расеі пасьля падзеньня пуцінскага рэжыму. Найперш — распаду Расейскай Фэдэрацыі на куды больш, чым 15 (як было пасьля СССР) незалежных дзяржаў. Магчыма, гэта ня вельмі б хвалявала, калі б ня тая ж самая ядзерная зброя, якая пры распадзе РФ апынецца ў некалькіх новаўтвораных краінах.

Вядома, сёньня цяжка прадказаць, у якой ступені такія засьцярогі апраўданыя: нават калі шанец скарыстаньня ядзернай зброі ці продажу яе іншым краінам мізэрны, ён павінен быць улічаны.

Але ці можа гэта быць дастатковай падставай для таго, каб адрынаць усе іншыя варыянты, акрамя захаваньня РФ у той форме, якая існуе цяпер, г. зн. у форме імпэрыі?

Дэмантаж плюс дзьве ўмовы

Тым ня менш некаторыя расейскія апазыцыйныя дзеячы абмяркоўваюць магчымасьць распаду РФ — вядома, на падставе дэмакратычнага волевыяўленьня суб’ектаў цяперашняй фэдэрацыі.

Так, уплыў гэтых дзеячоў нават у самой расейскай апазыцыі невялікі, іх голас практычна не прабіваецца на першыя палосы вядучых заходніх выданьняў, іх не прымаюць лідэры «вялікіх» краінаў. Але можна прыгадаць, што і прэзыдэнт Буш у жніўні 1991-га ў Кіеве адмовіўся сустракацца зь лідэрамі Народнага Руху Ўкраіны.

Праўда, дэмантаж імпэрыі магчымы толькі пры выкананьні дзьвюх умоваў: дэнуклерыязацыя цяперашняй Расеі (пазбаўленьне ад ядзернай зброі) і дэмантаж структураў, якія вядуць сваю пераемнасьць ад ВЧК-НКВД-КГБ.

Рэалізацыя такога ці ім падобнага сцэнару зусім не была б гарантыяй дэмакратычнага разьвіцьця Беларусі і іншых суседніх з Расеяй краінай, бо, урэшце, такія гарантыі можа стварыць толькі сам народ. Але зьнікненьне апошняй у Эўропе імпэрыі зьняло б пагрозу, пад якой некаторыя народы знаходзяцца ўжо не адно стагодзьдзе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG