Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура адкрыла на сваім сайце разьдзел камісіі па вяртаньні. Але зайсьці на яго з-за мяжы можна толькі праз VPN


Генпракуратура Беларусі
Генпракуратура Беларусі

Дзейнасьць камісіі абмяркоўвалася на пасяджэньнях Лукашэнкі зь сілавым блёкам, у тым ліку на сустрэчы з генэральным пракурорам 6 лютага.

У разьдзеле пра камісію па вяртаньні на сайце Генпракуратуры зьмяшчаецца інфармацыя пра тое, хто можа зьвярнуцца ў камісію і па якіх адрасах; пералічваецца, што павінен указаць грамадзянін у звароце і якія дакумэнты падаць; а таксама расказваецца, якія рашэньні можа прыняць камісія.

Аднак разьдзел пра камісію, як і сам сайт Генэральнай пракуратуры, недаступны карыстальнікам, якія знаходзяцца не ў Беларусі. Зайсьці і прачытаць інфармацыю яны змогуць толькі пры выкарыстаньні VPN-сэрвісаў.

6 лютага Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб стварэньні камісіі па вяртаньні на радзіму. Узначаліць яе мае генэральны пракурор Андрэй Швед.

Швед патлумачыў, як разумее сутнасьць працы камісіі і яе мэты. Паводле яго, у дакумэнце ідзе размова ня толькі пра пэрсанальны склад камісіі, якая «на дзьве траціны складаецца з грамадзкасьці», але таксама ў ім вызначаны ўмовы і парадак разгляду зваротаў грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой.

Ён заявіў, што дакумэнт «ахоплівае пэрыяд магчымых правапарушэньняў» з 1 студзеня 2020 па 31 сьнежня 2023 гг. Зьвяртацца ў камісію можна будзе як пісьмова, так і ў электронным выглядзе.

Па ягоных словах, людзям будуць выдаваць дакумэнт пра тое, што да іх «няма прэтэнзій», або пра зьмененую меру стрыманьня.

Ужо 8 лютага начальнік упраўленьня Генэральнай пракуратуры Анжаліка Курчак заявіла, што ў камісію па вяртаньні беларусаў, якія зьехалі, пачалі паступаць звароты.

«Першай напісала 35-гадовая мянчанка, якая зьехала за мяжу ў кастрычніку 2020 году. Яна не паведаміла пра зьдзейсьненыя правапарушэньні або злачынствы, а выказала толькі асьцярогі з прычыны яе магчымага дачыненьня да якіх-небудзь супрацьпраўных дзеяньняў», — паведаміла Анжаліка Курчак.

Паводле яе слоў, жанчына не ўказала «іншыя зьвесткі, неабходныя для такога звароту», таму зварот пакуль разгледжаны ня будзе.

«Пасьля дапаўненьня звароту ён будзе разгледжаны камісіяй па сутнасьці, і заяўнік атрымае адказ», — падсумавала Курчак.

Затрыманьні «вяртанцаў»

Гэта ня першая спроба сілавікоў заахвоціць людзей вярнуцца — у канцы 2021 году сілавікамі была створаная праграма «Дарога дамоў», якая нібыта «дазваляе тым, хто зьехаў, вярнуцца без наступстваў». Пры гэтым беларусам выстаўляюць пэўныя ўмовы, як яны могуць гэта зрабіць.

Так, напрыклад, зрабіла і 49-гадовая адміністратарка пратэставых чатаў Тацяна Курыліна, якую цяпер судзяць паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту, пры ўезьдзе ў Беларусь у 2022 годзе «за экстрэмізм» затрымалі 52 чалавек. Але паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны» агулам за 2022 і пачатак 2023 году затрымалі прынамсі 58 беларусаў.

Зь іх мінімум 10 чалавек асудзілі на пазбаўленьне волі тэрмінам ад аднаго да пяці гадоў калёніі, чатырох — на «хатнюю хімію», а супраць яшчэ сямі распачалі крымінальныя справы. Некаторых з затрыманых судзілі паводле адміністрацыйных спраў і зьмяшчалі ў ізалятар на «суткі» або адпускалі пасьля суду дадому зь вялікім штрафам.

Часьцей за ўсё затрымліваюць па вяртаньні з Польшчы або Літвы, таксама вядома пра затрыманьні пасьля прыезду з Украіны, Латвіі, Грузіі і Расеі. Сілавікі высаджваюць беларусаў з рэйсавых аўтобусаў, сустракаюць іх на аўтобусных ці чыгуначных вакзалах або прыходзяць па іх ужо дадому.

Звычайна людзей перасьледуюць за камэнтары ў сацыяльных сетках або ўдзел у пасьлявыбарных акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Але адразу затрыманых могуць кідаць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў за «экстрэмісцкія» рэпосты або фота зь бел-чырвона-белай сымболікай, якія знаходзяць у тэлефонах і сацыяльных сетках. Праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі падставай для перасьледу быў нават удзел у акцыях салідарнасьці за мяжой.

Прычыны для вяртаньня ва ўсіх розныя: некаторыя вяртаюцца, каб зрабіць пашпарт або візу, хтосьці едзе на лячэньне або наведаць блізкіх, некаторыя — на пахаваньне сваякоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG