Менчуку прысудзілі тры гады «хатняй хіміі» за пратэсты
У судзе Ленінскага раёну Менску асудзілі Дзьмітрыя Бурага паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) КК, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Судзьдзя Марына Клімчук прызначыла Дзьмітрыю тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію»).
Яго абвінавацілі ў тым, што некалькі разоў удзельнічаў у менскіх акцыях пратэсту, нібыта выходзіў на праспэкт Незалежнасьці і блякаваў рух транспарту. Яго апазналі па фатаздымках з пратэстаў.
Экс-супрацоўніцу «Белагра» асудзілі на год калёніі
У судзе Маскоўскага раёну Менску 30 студзеня асудзілі Кацярыну Якаўлеву паводле ч. 1 ст. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) КК, піша «Вясна».
Судзьдзя Лідзія Целіца прызначыла Кацярыне адзін год пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Кацярына Якаўлева — грамадзянка Расеі, супрацоўніца «Белагра». Яе затрымалі пасьля ператрусу ў кампаніі 29 верасьня 2022-га. Пазьней стала вядома, што Кацярыну перавялі ў СІЗА праз абвінавачаньне ў актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342).
Баранавіцкага актывіста Мікалая Чарнавуса-малодшага затрымалі па крымінальнай справе
Як стала вядома берасьцейскай «Вясне», Мікалай Чарнавус-малодшы стаў фігурантам крымінальнай справы. Па якім артыкуле — невядома. Пакуль мужчыну працягваюць утрымліваць у ІЧУ.
Мікалая 2 лютага затрымлівалі дома 10 сілавікоў са зброяй, пры гэтым яны ўзялі дом у кола, пры ўварваньні паламалі плот.
Раней, у 2017 годзе, Чарнавус-малодшы атрымаў пратакол за зборы подпісаў супраць Дэкрэту аб дармаедзтве, сядзеў содні за «Марш недармаеўдаў». Улетку 2021 году мужчыну затрымлівалі, прысудзілі штраф. У 2022 годзе зь ім не працягнулі кантракт (працаваў юрыстам у выканкаме). Мікалай быў сябрам Аб'яднанай грамадзянскай партыі, балятаваўся ў дэпутаты.
У студзені па «пратэставых» справах суды каралі пазбаўленьнем ці абмежаваньнем волі ў 100% выпадкаў
Праваабарончы цэнтар «Вясна» апублікаваў дадзеныя студзеньскага маніторынгу палітычна матываваных крымінальных спраў у Беларусі.
Па «пратэставых» крымінальных справах асуджана ня менш за 50 чалавек, зь іх 13 жанчын і 37 мужчын.
Як паведамляе «Вясна», ім агулам прысудзілі 111 гадоў і 7 месяцаў пазбаўленьня волі, 4 гады і 6 месяцаў «хіміі», 31 год і 3 месяцы «хатняй хіміі», 82 510 рублёў штрафаў, 9 месяцаў арышту, 5 гадоў пазбаўленьня права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем функцый прадстаўніка ўлады ў органах унутраных спраў.
Пакараньне па палітычна матываваных крымінальных справах, зьвязанае з пазбаўленьнем волі, яе абмежаваньнем у выглядзе «хіміі», «хатняй хіміі» і арышту суды ўжывалі ў 100% выпадках асуджэньня фігурантаў «пратэставых» спраў.