На пачатку лютага ў праўладных тэлеграм-каналах зьявілася «пакаяльнае» відэа з дзьвюма дзяўчынамі-падлеткамі, якія 28 студзеня зрабілі фота з падпаленым папяровым абразком каля праваслаўнага катэдральнага сабору Менску. Сілавікі таксама заявілі, што ў тэлефонах дзяўчат знайшлі «фота свастыкі і іншых фота нацысцкай накіраванасьці».
«Хрысьціянская візія» паведамляе, што да крымінальнага перасьледу дзьвюх 15-гадовых мянчанак датычны мітрапаліт Веньямін. Выданьне адзначае, што ярарх асабіста патрабаваў перадаць у Сьледчы камітэт відэа з царкоўных камэр назіраньня.
У выніку непаўналетніх затрымалі і завялі супраць іх крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 339 КК («Злоснае хуліганства»). Ксеніі С. і Веры П. пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.
«Наша каманда абураная непрапарцыйнасьцю прынятых захадаў з боку найвышэйшага духавенства БПЦ у адносінах да 15-гадовых дзяўчат. Дурное свавольства падлеткаў, памножанае на запаленую „праведнасьць“ дае ў выніку паламаныя лёсы дзяцей і гора ў сем’ях», — гаворыцца ў паведамленьні тэлеграм-каналу «Хрысьціянскай візіі».