Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтка Грузіі: Расея мусіць пакінуць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію


Саламэ Зурабішвілі
Саламэ Зурабішвілі

Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што Расея павінна вярнуць пад кантроль Грузіі тэрыторыі самаабвешчаных Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, якія перайшлі пад фактычны кантроль РФ у 2008 годзе.

На яе думку, Расея прайграе вайну ва Ўкраіне, і пасьля яе заканчэньня мусіць пакінуць ня толькі акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі, але і грузінскія.

Словы Зурабішвілі цытуе агенцтва Bloomberg: «Расея ўжо практычна прайграла ўсе бітвы, калі не цалкам вайну. Грузінскія пытаньні таксама павінныя быць на стале перамоваў. Расея павінна засвоіць, дзе праходзяць яе межы».

Прэзыдэнтка Грузіі заклікала заходнюю супольнасьць патрабаваць ад прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна вываду войскаў зь міжнародна прызнанай тэрыторыі краіны як адной з умоваў мірнага пагадненьня з Украінай. Інакш, лічыць яна, Захад «зробіць вялікую памылку, як у 2008 і 2014 гадах».

  • Паўднёвая Асэтыя і Абхазія ўваходзілі ў склад Грузінскай ССР. У 1990-я абедзьве тэрыторыі абвясьцілі незалежнасьць, якую Грузія не прызнала. У 2008 годзе пасьля «пяцідзённай вайны» з Грузіяй Расея разьмясьціла на тэрыторыі Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі свае войскі і прызнала незалежнасьць самаабвешчаных рэспублік.
  • Прызналі незалежнасьць гэтых самаабвешчаных рэспублік, акрамя Расеі, яшчэ толькі чатыры дзяржавы– чальцы ААН — Вэнэсуэла, Науру, Нікарагуа і Сырыя. Грузія лічыць гэтыя тэрыторыі акупаванымі Расеяй.
  • Паміж Грузіяй і Расеяй няма дыпляматычных стасункаў. Пры гэтым улады Грузіі адмовіліся далучыцца да санкцыяў, уведзеных краінамі Захаду супраць РФ пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, і, хаця афіцыйна і падтрымліваюць Украіну, вельмі стрыманыя ў сваёй рыторыцы і дзеяньнях. Грузінская апазыцыя абвінавачвае ўлады краіны ў прарасейскай пазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG