Сярод галоўных задач ArtPower Belarus — падтрыманьне беларускіх культурніцкіх праектаў, як у краіне, так і за мяжой. Самі творцы, арганізацыі ды ініцыятывы могуць прэтэндаваць на міні-гранты — ад 1000 да 5000 эўра, мідзі-гранты — ад 5000 да 60 000 эўра, а таксама гранты мабільнасьці, якія можна скарыстаць на паездкі, неабходныя для працы, навучаньня, дасьледаваньняў ды іншага, — у сярэднім на 2000 эўра.
«Мы стараемся не губляць часу і спрыяць таму, каб нават у такіх складаных умовах беларуская культура жыла і разьвівалася, — сказаў кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін. — ArtPower Belarus ствараўся акурат для таго, каб надаць галасам творцаў больш моцнае гучаньне, а ў іх саміх каб узмацнілася адчуваньне запатрабаванасьці і важнасьці іх меркаваньня. Спадзяюся, што дзякуючы праекту ў розных сфэрах зьявяцца важныя і натхняльныя творы, паездкі ў межах праграмы мабільнасьці дадуць новы досьвед і кантакты, а сама культурніцкая супольнасьць узмоцніцца».
За першы год працы ArtPower Belarus зьбіраецца вылучыць ня менш за 15 міні-грантаў на агульную суму 75 000 эўра, ня менш за 11 мідзі-грантаў на агульную суму 440 000 эўра і ня менш за 50 грантаў мабільнасьці на агульную суму 100 000 эўра.
Праект разьлічаны на 28 месяцаў, будуць два заклікі падаваць заяўкі на мідзі-гранты. У межах першага кола дасылаць праекты можна да 12 сакавіка 2023 году. Заяўкі на міні-гранты і гранты мабільнасьці можна падаваць цягам усяго пэрыяду — разглядаць іх будуць кожны квартал.
Кожны з пададзеных праектаў будзе спачатку разглядаць экспэртная, а пасьля адборачная камісія. Першая будзе фармавацца з адмыслоўцаў сфэры, у другую ўвойдуць 3 прадстаўнікі Дацкага інстытуту культуры, 2 прадстаўнікі Беларускай рады культуры і 2 экспэрты звонку.
Падаць заяўку на грант можна на сайце Рэсурснага цэнтру Беларускай рады культуры.
ArtPower Belarus клапоціцца пра бясьпеку тых, хто застаецца на тэрыторыі Беларусі, паведамілі арганізатары, таму сайт стваралі з улікам парадаў прафэсіяналаў, а ўсе заяўкі будуць захоўваць у бясьпечным месцы.
Беларуская рада культуры і Дацкі інстытут культуры таксама запрашаюць творцаў на інфасэсію 7 лютага, адмыслова арганізаваную для таго, каб адказаць на пытаньні, датычныя ArtPower Belarus, падачы заявак ды адбору праектаў.