Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Афіцыйная культура — гэта культура-імпатэнт, якая ніякіх сэнсаў не прадукуе». Чым дзяржава можа замяніць рэпрэсаваных музыкаў


Аляксандар Чарнуха
Аляксандар Чарнуха

Пагаварылі з журналістам і пісьменьнікам Аляксандрам Чарнухам пра тое, што будзе зь беларускай музычнай культурай.

«Кейс Litesound — гэта такая помста ўладаў»

20 студзеня стала вядома, што на бацькоў арыштаваных удзельнікаў гурту Litesound Дзьмітрыя і Ўладзімера Каракіных таксама завялі крымінальныя справы. Сьпявачку Мэрыем Герасіменку ў той жа дзень асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі» за выкананьне «няправільнай» песьні. Ужо не асобныя кліпы прызнаюцца экстрэмісцкімі (кшталту «Баю-бай» берасьцейскага гурту «Дай Дарогу»), а цэлы гурт Tor Band прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Журналіст Аляксандар Чарнуха, які шмат піша пра музыку, лічыць, што кожны гэты «кейс» трэба разглядаць паасобку.

«Кейс Litesound — гэта такая помста ўладаў: «Мы вас на Эўравізію адправілі, а вы пратэставалі...» У 2012 годзе вырашылі паслаць на Эўравізію Алёну Ланскую, а потым умяшаўся Лукашэнка, і замест Алёны Ланской паехаў Litesound. Затым гэтыя людзі ідуць на пратэсты, фатаграфуюцца на дарозе зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Гэта помста. Калі мы кажам пра Мэрыем Герасіменку, якая сьпявала на тэрасе бару «Банкі-Бутэлькі» ўкраінскую песьню, то гэта сыгнал астатнім вулічным музыкам (і нават не абавязкова музыкам): «Вуліцы — нашы, вы ня будзеце на іх сьпяваць тое, што вы хочаце. Нават калі гэта не забаронена, мы ўсё адно знойдзем, за што вас пакараць», — перакананы Аляксандар Чарнуха.

Ён засяроджвае ўвагу на тым, што Мэрыем фармальна судзяць не за выкананьне песьні, а за тое, што яна нібыта пераводзіла некуды грошы.

Што тычыцца рагачоўскага Tor Band, гэта намёк на тое, што рана ці позна да ўсіх дабяруцца, працягвае Аляксандар Чарнуха.

«Хаця было дзіўна — Tor Band даўно такія вострыя песьні сьпявалі, такія кліпы рабілі (прыкладам, „Мы не „народец““, „Жыве“, „Кто, если не ты?!“. — РС) Гэта сыгнал да тых, хто таксама сьпяваў і знаходзіцца дагэтуль у Беларусі. Падумайце, ці варта вам знаходзіцца ў краіне», — выказаў меркаваньне Аляксандар Чарнуха.

«Папса кшталту сёстраў Грузьдзевых нават афіцыйнай прапагандзе не патрэбная»

На думку Чарнухі, у Беларусі пастаўленая задача: зрабіць культурніцкую прастору максымальна стэрыльнай. Іншая справа, што наўзамен улады нічога прапанаваць ня могуць.

«Афіцыйная культура — гэта такая культура-імпатэнт, якая ніякіх сэнсаў не прадукуе і не адпавядае ніякім запытам аўдыторыі. Гэтую музыку рэальна нармальны чалавек ня будзе слухаць. І квіткі на канцэрты распаўсюджваюцца праз прафсаюзы. Гэтыя выступы адбываюцца толькі на нейкіх афіцыйных мерапрыемствах.

Ну, а папса кшталту сёстраў Грузьдзевых нават афіцыйнай прапагандзе не патрэбная. Бо зь іх нічога ня возьмеш. Прапагандзе патрэбныя такія людзі, як Сяргей Пархоменка — некалі папулярны рэпэр, які цяпер на баку лукашэнкаўскай прапаганды. Вось такія „лідэры думак“ прапагандзе патрэбныя, таму што яны хоць нейкі яшчэ ўплыў маюць на людзей. А зь сёстраў Грузьдзевых што зробіш? У іх ніколі не было рэальнай аўдыторыі. На каго яны могуць уплываць? Якую карысьць могуць прынесьці?» — разважае Аляксандар Чарнуха.

«Гэтая машына рэпрэсій ня спыніцца, бо па-іншаму яна існаваць ужо ня зможа»

Вялікая колькасьць папулярных беларускіх выканаўцаў вымушаная была зьехаць з краіны, бо зь лета 2020 году ў іх не было ніводнага канцэрту. Зьехалі Лявон Вольскі, Уладзімер Пугач (лідэр J:Mors), Павал Аракелян, Юры Стыльскі (лідэр «Дай Дарогу!»), Аляксандар Памідораў, гурт NAVI BAND, «Вольны хор». І гэты сьпіс можна працягваць.

На думку Аляксандра Чарнухі, беларускай музыкі ў Беларусі цяпер значна меней, чым расейскай.

«Калі прааналізаваць афішы, то там ужо амаль няма нават праўладных беларускіх выканаўцаў. Таму што ім няма чаго паказаць і на іх людзі ня пойдуць. А на расейскіх ідуць.

Што далей? Зачыстка будзе працягвацца, бо калі нават паставіць цяпер на „стоп“ (я ўжо не кажу пра паляпшэньне), то гэта будзе з боку самой улады ўспрымацца як слабасьць.

Гэтая машына рэпрэсій ня спыніцца, бо па-іншаму яна існаваць ужо ня зможа. І пэрыядычна нейкія паказальныя суды будуць праходзіць. Знойдуць за што. У любым выпадку, плян жа трэба выконваць. Так што ўсё будзе працягвацца», — мяркуе Аляксандар Чарнуха.

Хроніка перасьледу беларускіх музыкаў

Увосень 2020 году беларускіх музыкаў масава затрымлівалі за ўдзел у маршах пратэсту і ў дваровых канцэртах.

19 верасьня 2020 году за дваровы канцэрт атрымалі па 15 сутак лідэр гурту Gods Tower Уладзіслаў Наважылаў і Аляксандар Памідораў.

26 верасьня ў Менску ў падземным пераходзе ля плошчы Якуба Коласа затрымалі чацьвярых удзельнікаў гурту BEST SOUND BAND.

25 кастрычніка пасьля маршу затрыманы музыка гуртоў Harotnica mix і Luty Sakavik Эрык Арлоў-Шымкус. Адседзеў на Акрэсьціна.

29 кастрычніка затрымалі Галіну Казіміроўскую, дырыгентку «Вольнага хору». Яе аштрафавалі на 1620 рублёў за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.

3 лістапада затрымалі музыкаў Івана Арцімовіча з гурту Vuraj, Андрэя Аляксеенку з TonqiXod і Філіпа Петчанку з Dee Tree — за канцэрт у дварах ля гандлёвага цэнтру «Рыга».

4 лістапада проста на працы ў Беларускай дзяржаўнай філярмоніі былі затрыманыя артыст камэрнага хору Дзяніс Іваноў і віялянчэліст Аляксандар Сердзюкоў.

4 лістапада ў двары на вуліцы Ціміразева схапілі бубначоў гурту «Требуем разойтись!».

Пазьней Аляксей Санчук атрымаў 6 гадоў калёніі.

Музыкаў Мікіту Камянецкага і Тыматэ Суладзэ таксама затрымалі ўвечары 4 лістапада.

7 лістапада пасьля дваровага канцэрту затрымалі джазавага саксафаніста Паўла Аракеляна, гурт «Рэха» разам зь лідэрам Андрусём Такіндангам і Леаніда Паўлёнка з «Нагуаль».

2 жніўня 2021 году на лецішчы пад Менскам былі затрыманыя музыкі гурту Irdorath Пётар і Юлія Марчанкі, Антон Шніп, Надзея і Ўладзімер Калачы — усяго 14 чалавек. Кампанію затрымлівалі ГУБАЗіК і САХР з дронам і стралянінай.

На Пятра і Юлію Марчанкаў і Антона Шніпа завялі крымінальную справу па арт 342. Іх асудзілі на 1 год і 6 месяцаў турмы.

Музыкі гурту «Irdorath» Надзея і Ўладзімер Калачы ўнесеныя ў «сьпіс экстрэмістаў».

Экстрэмісцкім прызнаны кліп берасьцейскага гурту «Дай Дарогу» «Баю-бай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG