Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр вядомы ўкраінскі паэт Дзьмітро Паўлычка. Што ён гаварыў пра Беларусь


Дзьмітро Паўлычка, украінскі паэт, перакладчык, літаратурны крытык, грамадзка-палітычны дзеяч, Герой Украіны. Кіеў, 15 сьнежня 2018
Дзьмітро Паўлычка, украінскі паэт, перакладчык, літаратурны крытык, грамадзка-палітычны дзеяч, Герой Украіны. Кіеў, 15 сьнежня 2018

Паўлычка перакладаў беларускіх паэтаў і выступаў супраць «моўнага» рэфэрэндуму ў Беларусі.

Ва Ўкраіне на 94-м годзе жыцьця памёр вядомы ўкраінскі паэт, грамадзка-палітычны дзеяч, колішні дыплямат, Герой Украіны Дзьмітро Паўлычка.

Свабода сабрала выказваньні Дзьмітра Паўлычкі пра Беларусь, беларускія падзеі і беларускіх літаратараў.

Перакладчык беларускіх паэтаў

Дзякуючы Дзьмітру Паўлычку беларускія паэты «гаварылі» па-ўкраінску. Паэт пераклаў санэты Янкі Купалы, вершы Ніла Гілевіча, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Максіма Танка і Рыгора Барадуліна.

У 1983 годзе падрыхтаваў і выдаў у сваім перакладзе ўнікальную анталёгію «Сусьветны санэт», у якую ўвайшлі асобныя санэты Янкі Купалы і Максіма Багдановіча.

«Я ўмею сьпяваць „Ой, хацела ж мяне маці ды за першага аддаці...“ І яшчэ багата іншых. Я любіў дэклямаваць Купалу па-беларуску, я ведаў вершы беларускіх паэтаў на памяць, асабліва Рыгора Барадуліна. Думаю, што мы, украінцы, павінны сярод усіх славянаў найбольш шанаваць беларусаў. Бо Беларусь найбольш пацярпела, бо беларускую мову найбольш зьняважылі — самі кіраўнікі найвышэйшага рангу не размаўляюць на роднай мове! Гэта ж нонсэнс. Але я веру — беларуская мова будзе сапраўды дзяржаўнай, я яшчэ дачакаюся гэтага», — расказваў Дзьмітро Паўлычка ў інтэрвію Радыё Свабода.

Наўпроставы лінк

Выступіў супраць «моўнага» рэфэрэндуму ў Беларусі

Вясной 1995 году, калі стала вядома аб рашэньні Аляксандра Лукашэнкі правесьці рэфэрэндум аб зьмене дзяржаўнай сымболікі і наданьні расейскай мове статусу другой дзяржаўнай, Дзьмітро Паўлычка разам зь яшчэ васьмю дэпутатамі Вярхоўнай Рады Ўкраіны зьвярнуліся да беларускага народу з заклікам не галасаваць за прапанаваныя Лукашэнкам зьмены.

«Рэфэрэндум навязаны вашаму народу ворагамі беларускай дзяржаўнасьці. Гэтая падзея, якая можа абярнуць вас у новых рабоў новай імпэрыі, што пакуль яшчэ прыкрываецца назвай СНД. Калі вы прагаласуеце супраць дзяржаўнай сымболікі, то вы здрадзіце ўласнай гісторыі, якая неаднаразова дэманстравала нацыянальныя беларускія сымбалі ў моманты свайго найвялікшага духоўнага ўзьнясеньня. Калі вы прагаласуеце за інтэграцыю з Расеяй, то вы здрадзіце Каліноўскаму і іншым змагарам за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі», — адзначалася ў звароце ўкраінскіх дэпутатаў.

Сябраваў з Генадзем Бураўкіным

Дзьмітро Паўлычка сябраваў з Генадзем Бураўкіным. Паэты абменьваліся сваімі кнігамі.

Калі беларускі паэт памёр, Паўлычка казаў:

«Ён мой сябра ня толькі літаратурны, а палітычны, мой аднадумец. Усё, што адбывалася ў Савецкім Cаюзе, у часы яго развалу і перад гэтым, мы абмяркоўвалі і заўсёды былі аднадумцамі.

Бураўкіна я заўсёды любіў. Ён быў прадстаўніком той савецкай Беларусі, і я быў прадстаўніком той Украіны яшчэ з часоў Шчарбіцкага.

Тады і яго, і мяне выстаўлялі, каб мы прадстаўлялі свае савецкія Бацькаўшчыны, што мы не любілі рабіць і не рабілі. У Нью-Ёрку мы намагаліся быць: ён сярод беларусаў, а я сярод украінцаў, нашых эмігрантаў».

Але на пахаваньне свайго сябра Генадзя Бураўкіна ўкраінскі паэт ня змог прыехаць. Ён патлумачыў гэта падрыхтоўкай да інаўгурацыі новага прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі. Дзьмітро Паўлычка быў яго даверанай асобай у часе выбарчай кампаніі.

Падтрымліваў літаратурную прэмію «Воін сьвятла»

Дзьмітро Паўлычка стала падтрымліваў дачыненьні зь беларускімі літаратарамі. У свой час ён падтрымаў стварэньне беларуска-ўкраінскай літаратурнай прэміі «Воін сьвятла». Яе заснавалі ў 2015 годзе ў гонар беларуса Міхася Жызьнеўскага, які адным зь першых загінуў у 2014 годзе ў часе масавых акцый пратэсту ў Кіеве.

Прэміяй узнагароджвалі аднаго беларускага і аднаго ўкраінскага літаратара, а цырымонія праходзіла на рагу Пятроўскай алеі і вуліцы Грушэўскага, каля мармуровага помніка Міхасю Жызьнеўскага. У 2021 годзе ўручэньне прэміі адбылося ў апошні раз — цяпер на гэтым месцы знаходзіцца іншы мэмарыял.

Украінскі паэт Дзьмітро Паўлычка выступае на ўручэньні Міжнароднай прэміі «Воін сьвятла» імя Міхася Жызьнеўскага. Кіеў, 26 студзеня 2017
Украінскі паэт Дзьмітро Паўлычка выступае на ўручэньні Міжнароднай прэміі «Воін сьвятла» імя Міхася Жызьнеўскага. Кіеў, 26 студзеня 2017

Першым пасьля Майдану назваў падзеі на ўсходзе Ўкраіны вайной Расеі

«Мы змагаемся супраць захопніка, супраць ворага, супраць пуцінскай Расеі, якая кінула на нас зброю, забрала ў нас незаконна, парушыўшы ўсе міжнародныя пагадненьні, Крым, які спакон вякоў быў украінскім. Бо яшчэ ў ХVII стагодзьдзі на крымскай тэрыторыі жыло больш украінцаў, чым татараў. Парадокс, але, праходзячы праз гэтую вайну, дзякуючы Пуціну мы сталі аб’яднанай нацыяй. Мы аб’ядналіся з расейскамоўнай Украінай».

«Наша задача і далей стаяць, і тады Расейская імпэрыя не адродзіцца. Але, як толькі Ўкраіна здасца, імпэрыя паўстане зноў, і тады ня будзе жыцьця ні нам, ні беларусам, ні літоўцам — нікому. Але калі б і наступіла такая чорная ноч, калі б прыехалі танкі і акупавалі ўсю Ўкраіну, тая ноч ня будзе доўгай. У нас ужо былі такія ночы», — казаў Дзьмітро Паўлычка ў студзені 2017 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG