Актыўныя баявыя дзеяньні паміж Расеяй і Ўкраінай цяпер ідуць на тэрыторыі Луганскай і Данецкай абласьцей. Адначасова расейскія войскі інтэнсіўна абстрэльваюць прыфрантавыя ўкраінскія гарады. Позна ўвечары 29 студзеня расейскія войскі з артылерыі абстралялі Херсон і Харкаў.
Херсон абстралялі 13 разоў
Паводле ўладаў Херсонскай вобласьці, расейцы 42 разы атакавалі рэгіён з артылерыі, мінамётаў і танкаў, а абласны цэнтар — 13 разоў.
У Херсоне снарады пацэлілі ў порт, абласную лякарню, школу, аўтастанцыю, пошту, банк і жылыя будынкі. У выніку загінулі тры мірныя грамадзяне і яшчэ 8 атрымалі раненьні рознай цяжкасьці.
Расея аднавіла абстрэлы цэнтру Харкава
Мэр Харкава Ігар Церахаў паведаміў, што расейцы пачалі артылерыйскую атаку горада а 23:00. У выніку ад абстрэлу зноў пацярпеў чатырохпавярховы жылы дом — адна жанчына загінула, яе муж і яшчэ двое мірных грамадзян зь іншых кватэр атрымалі раненьні. Зьнішчаныя два верхнія паверхі.
Пажар, які пачаўся ў будынку ад падзеньня снараду, удалося зьліквідаваць толькі праз 3,5 гадзіны.
У Генштабе Ўкраіны паведамілі аб найбольш інтэнсіўных баях
Сьпікер Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксандар Штупун назваў чатыры кірункі, дзе расейскія войскі спрабуюць наступаць. Гэта ліманскі, бахмуцкі, аўдзееўскі і новапаўлаўскі кірунак. На іншых вайсковыя падразьдзелы вымушаны абараняцца.
Паводле Аляксандра Штупуна, украінскія войскі адбілі атакі пад Белагораўкай Луганскай вобласьці, а таксама каля 9 населеных пунктаў Данецкай вобласьці, у тым ліку пад Бахмутам.
Затрымка вайсковай дапамогі перашкодзіла актыўнаму наступу ўкраінцаў
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны мяркуюць, што затрымка перадачы Ўкраіны заходняй зброі — дальнабойнай артылерыі і сродкаў супрацьпаветранай абароны — абмежавалі магчымасьці ўкраінскага войска ў захаваньні тэмпаў актыўных контранаступальных апэрацый.
«Вайна разгортвалася ў тры асноўныя пэрыяды. Расейцы валодалі ініцыятывай і вялі наступ з 24 лютага па 3 ліпеня 2022 года, пасьля іх атакі дасягнулі кульмінацыі. Украінцы перахапілі ініцыятыву і пачалі шырокамаштабныя контранаступленьні ў жніўні, якія прывялі да вызваленьня заходняй часткі Херсонскай вобласьці 11 лістапада. З таго часу Ўкраіна не змагла пачаць новае буйное контранаступленьне, што дазволіла канфлікту перавесьці вайну ў пазыцыйную і аднавіць ініцыятыву расейскай арміі. Схема дастаўкі заходняй дапамогі моцна паўплывала на схему вайны», — адзначаюць экспэрты.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.