Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтка Пэру заклікала правесьці датэрміновыя выбары, каб спыніць пратэсты, якія доўжацца 1,5 месяца


На акцыі пратэсту ў Ліме
На акцыі пратэсту ў Ліме

Паўднёваамэрыканская краіна ўцягнута ў палітычны крызіс з амаль штодзённымі вулічнымі пратэстамі з 7 сьнежня, калі тагачасны прэзыдэнт Пэдра Кастыльё быў арыштаваны пасьля спробы распусьціць Кангрэс.

Прэзыдэнтка Пэру Дына Балюартэ, якая пасьля імпічмэнту Пэдра Кастыльлё стала 6-м прэзыдэнтам краіны за апошнія пяць гадоў, зноў зьвярнулася да Кангрэсу з заклікам правесьці датэрміновыя выбары, каб пакласьці канец тыдням сьмяротных пратэстаў, папярэдзіўшы, што ў адваротным выпадку яна будзе дамагацца канстытуцыйнай рэформы, каб галасаваньне адбылося, піша AFP.

За сем тыдняў дэманстрацый 48 чалавек, у тым ліку адзін паліцыянт, загінулі ў сутыкненьнях паміж сіламі бясьпекі і дэманстрантамі. Хваляваньні ідуць галоўным чынам з боку бедных карэнных жыхароў сельскай мясцовасьці з паўднёвага Пэру, якія галасавалі пераважна за Кастыльё, які абяцаў змаганьне з расізмам і беднасьцю.

У мінулым месяцы заканадаўцы перанесьлі выбары, якія павінны адбыцца ў 2026 годзе, на красавік 2024 году, але, паколькі пратэсты не сьціхаюць, Балуартэ хоча, каб іх правялі ўжо сёлета — Кангрэс адхіліў гэты заклік 28 студзеня.

Заканадаўчы орган павінен сабрацца ў панядзелак, каб зноў абмеркаваць магчымы расклад выбараў.

28 студзеня дэманстранты ў капюшонах са шчытамі, камянямі і кавалкамі цэмэнту, выцягнутымі з будынкаў, змагаліся з паліцыяй, якая прымяніла сьлезацечны газ, калі Ліма стала арэнай сутычак. У той дзень адбылася першая ў сталіцы гібель людзей у выніку пратэстаў.

Патрабуючы, каб Балюартэ пайшла ў адстаўку і прызначыла новыя выбары, прыхільнікі Кастыльлё перакрылі аўтамагістралі, выклікаючы дэфіцыт ежы і паліва.

Акрамя тых, хто загінуў падчас пратэстаў, яшчэ 10 цывільных асоб, у тым ліку двое немаўлят, загінулі, калі яны не змаглі атрымаць мэдыцынскую дапамогу або лекі праз блёкпасты, паведамілі ў офісе амбудсмэна.

У паўднёвых рэгіёнах блякаваньне дарог прывяло да шырокага дэфіцыту тавараў. Найбольшы гвалт і найбольшая колькасьць загінулых былі тады, калі пратэстоўцы спрабавалі штурмаваць аэрапорты на поўдні краіны. Паўднёвыя рэгіёны зь вялікай колькасьцю карэннага насельніцтва сталіся эпіцэнтрам пратэставага руху, які паўплываў на жыцьцёва важную індустрыю турызму ў Пэру.

Акрамя блякаваньня дзясяткаў дарог і прымусовага часовага закрыцьця некалькіх аэрапортаў, пратэстоўцы паклалі камяні на чыгуначныя каляіны, якія дзейнічаюць як адзіны транспартны доступ да Мачу-Пікчу, былой цытадэлі інкаў і пэрліны пэруанскага турызму. Сотні турыстаў засталіся ля археалягічных руінаў, многіх давялося эвакуаваць на верталёце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG