Пагаварылі з гісторыкам Васілём Герасімчыкам пра ролю ўкраінцаў у паўстаньні 1863–64 гадоў.
Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, зварот якога зачыталі на ўрачыстасьцях у Варшаўскай цытадэлі 23 студзеня, узгадаў толькі Ўкраіну, Польшчу і Літву. Пра Беларусь не сказаў ні слова.
«160 гадоў таму нашы народы аб’ядналі свае сілы, стаўшы плячо ў плячо супраць расейскага імпэрыялізму. Студзеньскае паўстаньне паскорыла нацыянальнае адраджэньне і вызваленчы рух на тэрыторыі сучаснай Украіны, Польшчы і Літвы», — напісаў прэзыдэнт Украіны ў звароце. Адсутнасьць згадак пра беларусаў у звароце Зяленскага выклікала нэгатыўную рэакцыю.
«Колькасьць бітваў на тэрыторыі Ўкраіны была значна меншая, чым на тэрыторыі Літвы і Беларусі»
Беларускі гісторык, аўтар кнігі «Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда» Васіль Герасімчык сьцьвярджае, што насамрэч на тэрыторыі Ўкраіны паўстаньне ў 1863 годзе было. Аднак зусім не ў такім аб’ёме, як на тэрыторыі Беларусі.
«Аднак гэтае паўстаньне ва Ўкраіне па памерах было непараўнальнае з тым, што было ў Літве і Беларусі, і непараўнальнае з тым, што адбывалася ў Кароне Польскай. Мяркую, што гісторыкі, якія ўдзельнічалі ў напісаньні прамовы прэзыдэнту Зяленскаму, наўрад ці абышлі б гэта ўвагай — варта было б толькі адкрыць артыкул „Січневе повстання (1863)“ у Вікіпэдыі. Менавіта так яно называецца ва Ўкраіне. У артыкуле ўсё напісана і пра ўдзел Беларусі і Літвы».
Васіль Герасімчык таксама паказаў мапу, якая была створаная дасьледчыкам паўстаньня Станіславам Зялінскім (Stanisław Zieliński. Bitwy i potyczki 1863–1864. Rapperswil, 1913. — РС).
Але гэтая мапа, на думку гісторыка, даволі ўмоўная.
«На гэтай мапе часам адны і тыя ж бітвы паказаныя па некалькі разоў. І наагул, колькасьць гэтых бітваў — 1200 — яна большая, чым іх было насамрэч.
Але калі паглядзець на гэтую табліцу, то колькасьць бітваў на тэрыторыі Ўкраіны на Валыні, на Кіеўшчыне — значна меншая, чым на тэрыторыі Літвы і Беларусі», — сьцьвярджае гісторык.
«Не ўдалося далучыць да паўстаньня ўкраінскіх сялян»
Паводле Васіля Герасімчыка, падзеі ва Ўкраіне адбываліся з 7 траўня да 2 ліпеня 1863 году. Пры гэтым фактычна ўвесь чэрвень можна выкрасьліць.
«Я нічога не прымяншаю, выкладаю вам факты. Украінскіх сялян намагаліся далучыць да паўстаньня пры дапамозе дакумэнта, які называўся „Залатая грамата“. Гэта была такая „падробка“ пад загад імпэратара Аляксандра ІІ, у якой абвяшчалася пра далучэньне да паўстаньня. Нават рабіліся ўлёткі з праваслаўнымі крыжамі са словамі на кірыліцы, з заклікам да паўстаньня і зь пячаткай паўстанцкай. Было вялікае спадзяваньне на тое, што Ўкраіна паўстане, што яна пакажа, дзе ракі зімуюць. Але ва Ўкраіне, у той частцы Рэчы Паспалітай, сымбаль якой арханёл Міхаіл быў далучаны да гістарычнага сымбаля колішняй Рэчы Паспалітай, беларускай Пагоні і польскага Арла — так не атрымалася», — кажа гісторык Герасімчык.
У якасьці прыкладу гісторык прыводзіць падзеі 7 траўня 1863 году, калі група студэнтаў Кіеўскага ўнівэрсытэту, усяго 21 чалавек, выйшла з Кіева агітаваць сялян паўстаць.
«Спыніліся студэнты ў першай вёсцы, а іх гэтыя сяляне схапілі. З 21 чалавека 12 забілі, 7 павязалі і здалі ўладам, і толькі двое ўратаваліся. Вось так фактычна скончылася спроба загітаваць украінскіх сялян, якія былі вельмі адмоўна настроеныя да шляхты, зь якой яны асацыявалі гэтае паўстаньне.
Самае галоўнае — што ўвогуле не ўдалося далучыць да гэтага паўстаньня ўкраінскіх сялян. Частка хлопцаў, якія асацыявалі сябе якраз з украінскім рухам, адмовіліся далучацца да паўстаньня, хоць былі і шляхцічамі. Таму што лічылі, што гэтае паўстаньне было польскім. Але ва Ўкраіне былі свае лідэры паўстаньня — Высоцкі, Ружыцкі, Вішнеўскі», — сьцьвярджае беларускі гісторык Герасімчык.
«І ў той час выдатна працавала царская прапаганда»
Узгадаў гісторык і паказальны, на яго думку, выпадак, які адбыўся 8 траўня 1863 году. У гэты дзень была спроба наладзіць сувязь паміж украінскімі і беларускімі паўстанцамі.
«Адзін з атрадаў пад кіраўніцтвам Вішнеўскага дзейнічаў у раёне гораду Оўруча. Адбылася бітва побач зь вёскай Маскалёўка (цяпер Нараўлянскі раён Гомельскай вобласьці). Гэты атрад расейцы проста акружылі, не далі сабрацца паўстанцам, хоць падступалі і сяляне, падступала і шляхта — усяго ў атрадзе было 69 чалавек. Іх проста акружылі і загадалі скласьці зброю. Прычым вельмі паказальна, што прозьвішча ў кіраўніка расейскага войска было маёр Джэвалінскі — даволі шмат палякаў змагалася і на баку расейскага войска.
На жаль, на тэрыторыі Ўкраіны паўстанцы хутка пацярпелі паразу, і ўсе спробы ўзьняць людзей ня мелі плёну. Фактычна ўжо летам 1863 году паўстаньня на тэрыторыі Ўкраіны не было», — расказаў Васіль Герасімчык.
На думку дасьледчыка, ужо ў той час выдатна працавала царская прапаганда. Неадукаваныя сяляне не разумелі, што адбываецца насамрэч.
«Сялянам проста казалі, што гэта польскія паны намагаюцца вярнуць Польшчу і вярнуць паншчыну (прыгоннае права было скасавана ў 1861 годзе. — РС).
І гэта адзін з асноўных урокаў: усяму свой час. Калі людзі не гатовыя да нечага, не гатовыя прымаць думкі і ідэі, то што зь імі ні рабі — ты іх на барацьбу, нават пераконваючы, што яна справядлівая, ня ўздымеш», — робіць выснову гісторык.
«Ва Ўкраіне ідзе вайна, трэба свой народ уздымаць. А тут добрая нагода»
Васіль Герасімчык выказаў меркаваньне, што 160-я ўгодкі паўстаньня 1863 году сталі добрай нагодай для саміх украінцаў зьвярнуцца да таго, што яны, магчыма, увогуле і ня ведалі.
«Я не магу сказаць, ці ёсьць ва ўкраінскіх падручніках гісторыі параграф, прысьвечаны Студзеньскаму паўстаньню. Ня ведаю, што ведаюць пра „Залатую грамату“ ва Ўкраіне. Але добра, што зараз ва Ўкраіне будзе нагода ўзгадаць, што ў той час народы колішняй Рэчы Паспалітай распачалі барацьбу супраць Расейскай імпэрыі, супраць царызму. Ва Ўкраіне ідзе вайна, ім трэба свой народ уздымаць. А тут добрая нагода», — мяркуе беларускі гісторык, дасьледчык Васіль Герасімчык.