Указы прэзыдэнта Расеі аб памілаваньні зьняволеных, завэрбаваных для ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне, засакрэчаныя. Пра гэта сказаў прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў, адказваючы на пытаньне Бі-бі-сі аб тым, на якіх падставах зьняволеныя адпраўляюцца ў зону баявых дзеяньняў.
«Я не магу нічога гаварыць пра ўказы. Вы ведаеце, што існуюць указы адкрытыя, існуюць указы з грыфам сакрэтнасьці, таму пра ўказы я нічога не магу гаварыць, — заявіў Пяскоў. — Але я сапраўды магу пацьвердзіць, што ўся працэдура памілаваньня ажыцьцяўляецца ў строгай адпаведнасьці з расейскім заканадаўствам».
Зь вясны 2022 году ў СМІ пачала зьяўляцца інфармацыя пра тое, што ПВК «Вагнэр» вэрбуе зьняволеных у расейскіх калёніях для ўдзелу ў вайне з Украінай у абмен на памілаваньне. Як гэта афармляецца юрыдычна, не паведамлялася.
Раней сябра Рады правоў чалавека пры прэзыдэнце Расеі Ева Меркачова расказвала, што фармальна зьняволеных вызваляюць яшчэ да таго, як іх вывозяць з калёній для ўдзелу ў баявых дзеяньнях. Яна таксама казала, што працэдура памілаваньня — дзяржаўная тайна.
У той жа час заснавальнік і спонсар ПВК «Вагнэра», блізкі да Ўладзіміра Пуціна бізнэсовец Яўгеній Прыгожын раней казаў, што асуджаныя былі памілаваныя ўжо на фронце.
Кіраўніца праваабарончага фонду «Русь сидящая» Вольга Раманава выказала сумнеў у тым, што даведкі аб вызваленьні і памілаваньні, якія нібыта атрымліваюць зьняволеныя, могуць быць сапраўдныя. Яна падкрэсьліла, што памілаваньне — працяглы працэс, які пачынаецца з рэгіянальнага ўзроўню і заканчваецца ўказам прэзыдэнта, але, паводле яе зьвестак, рэгіянальныя грамадзкія палаты ніякіх прашэньняў аб памілаваньні не разглядалі.
На пачатку студзеня Прыгожын паведаміў, што першая група расейскіх зьняволеных (каля 20 чалавек, завэрбаваных ПВК «Вагнэр» для ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне) завяршыла паўгадавы кантракт. Паводле яго, зь іх зьнялі ўсе судзімасьці.
ПВК «Вагнэр» — расейскае неафіцыйнае вайсковае падразьдзяленьне, якое бярэ ўдзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Байцоў кампаніі падазраюць у зьдзяйсьненьні шматлікіх ваенных злачынстваў, у тым ліку ў пазасудовых пакараньнях. Стваральнік і спонсар ПВК Яўгеній Прыгожын не адмаўляе іх, хоць наўпрост і не прызнае.
26 студзеня ЗША абвясьцілі ПВК «Вагнэр» транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй і ўвялі санкцыі ў дачыненьні да 6 фізычных асоб і 12 кампаній, якія Вашынгтон лічыць зьвязанымі з ПВК «Вагнэр» і Яўгеніем Прыгожыным.