Як паведамляе прэс-рэліз міністэрства фінансаў ЗША, «паколькі санкцыі і экспартны кантроль у дачыненьні да Расеі з боку міжнароднай кааліцыі працягваюць дзейнічаць, Крэмль адчайна шукае зброю і падтрымку — у тым ліку праз жорсткую групу «Вагнэр» — для працягу сваёй несправядлівай вайны супраць Украіны».
«Сёньняшнія пашыраныя санкцыі ў дачыненьні да ПВК „Вагнэр“, а таксама новыя санкцыі ў дачыненьні да іх партнэраў і іншых кампаній, якія падтрымліваюць расейскі вайсковы комплекс, будуць яшчэ больш перашкаджаць магчымасьці Пуціна ўзбройваць і абсталёўваць сваю ваенную машыну», — цытуе «Настоящее время» міністарку фінансаў ЗША Джанэт Елен.
Сёньня Мінфін ЗША увёў санкцыі супраць высокапастаўленых чыноўнікаў, суднаверфяў, структураў ПВК «Вагнэр» і яго ўладальніка Яўгена Прыгожына.
У сьпіс патрапілі кампанія «Сударамонтны завод», завод «Зорка», цэнтар суднарамонту «Дальзавод», КБ «Лазурыт» прадпрыемства «Гама», а таксама іншыя суднарамонтныя і суднабудаўнічыя заводы, іх замежныя партнэры.
Са структурамі Яўгена Прыгожына і ПВК «Вагнэр» апынуліся зьвязаныя і патрапілі пад санкцыйныя абмежаваньні «Садружнасьць афіцэраў за міжнародную бясьпеку», цэнтральнаафрыканская Sewa Sécurité Services, кампанія Kratol Aviation з ААЭ, а таксама нейкая структура Пецярбургу.
Пэрсанальна ў сьпіс унесеныя віцэ-прэмʼер РФ Дзяніс Мантураў, дырэктар Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў (ФСВП) Аркадзь Госьцеў і начальнік растоўскага ўпраўленьня ФСВП Дзьмітрый Бязрукіх, кіраўнік Татарстану Рустам Мініханаў і ягоная жонка Гульсіна Мініханава, а таксама заснавальнік Yota Сяргей Адоньеў.
Таксама туды патрапіў начальнік Упраўленьня прэзыдэнта Расеі па забесьпячэньні дзейнасьці Дзяржаўнай рады, супрацоўнік адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандр Харычаў. У канцы 2022 года ён напісаў артыкул аб будучыні Расеі. Там ён вылучыў некалькі канцэпцый сучаснай дзяржавы, сярод якіх была «Радзіма-Маці з лазэрным мячом», а сярод канцэпцый будучыні — «Расея — сусьветны вартавы дабра» і «Піражок». Цяпер артыкул недаступны.
На намесьніка Харычава ў АП Барыса Рапапорта ЗША таксама наклалі абмежаваньні. Мінфін ЗША патлумачыў іх адказнасьцю за анэксію ўкраінскіх тэрыторый і наборам туды палітычнага пэрсаналу.