Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька Мікалая Дзядка расказаў, як сын сустрэў 800-ы дзень за кратамі


Мікола Дзядок, архіўнае фота
Мікола Дзядок, архіўнае фота

Аляксандар Дзядок расказаў пра ліставаньне з сынам, вядомым анархістам і публіцыстам.

Бацька палітвязьня адзначыў у размове з «Новым часам», што напярэдадні Мікола тэлефанаваў яму, калі яму дазволілі 5 хвілін размовы.

«Я пачуў яго голас, адчуў ягоны настрой. Хачу сказаць, Мікола ў нас проста вялікі чалавек! Нават у гэтых абставінах зь ім застаецца пачуцьцё гумару. Размова была, як звычайна, даволі сумбурная, бо шмат што хочацца сказаць, але стараліся пасьпець вымавіць адзін аднаму самае патрэбнае».

Аляксандар Дзядок адзначае, што ў Міколы ўсё добра. Праўда, нядаўна адсядзеў сем сутак у ШЫЗА зь невядомай прычыны.

«Сядзіць ён у камэры, чытае кніжкі. Са здароўем крыху ёсьць праблемы, але мы рыхтуем для яго мэдыцынскую перадачу, зь мясцовым доктарам ён яе ўзгадніў».

А вось цяжкасьці ёсьць з маральнай падтрымкай. Бацька адзначыў, што сваякі не атрымліваюць ніякай падтрымкі з боку беларусаў і міжнароднай супольнасьці.

«Я стараюся заўсёды быць у сацсетках, усё чытаць... Але пра Міколу даўно нічога не чытаў. Пра матэрыяльную падтрымку не кажу, патроху самі спраўляемся, нам гэта не ў навінку. Але маральнай падтрымкі вельмі не хапае», — напісаў Аляксандар Дзядок.

Ліставаньне зь Міколам, аднак, стала больш частым.

«Па-рознаму бывае, здараецца, што яго ліст ад 4 студзеня прыходзіць 18-га. Але на гэта ўжо не зьвяртаем увагі, таму што яны ідуць. Мы размаўляем зь ім — гэта галоўнае. А калі Мікола сёньня патэлефанаваў мне, пачуць яго голас было вельмі, вельмі, вельмі радасна! Пра свае адчуваньні ад яго лістоў, пра ўражаньні ад кніжак, якія ён чытае. Аказваецца, у турэмнай бібліятэцы ёсьць кніжкі такіх аўтараў, як, напрыклад, Васіль Аксёнаў. Для мяне гэта вельмі моцны пісьменьнік.

Таксама ў лістах размаўляем пра тое, што мы робім тут, у доме. Мы з жонкай будуем дом удвох, зараз ужо жывем у ім. Для Міколы там ёсьць асобны пакой. Для яго будуем, для сябе і для яго. У лістах распавядаў пра гэта.

А яшчэ абмяркоўваем наша стаўленьне да жыцьця. Мы ня можам і, мабыць, не павінны размаўляць у лістах пра нейкія палітычныя падзеі, бо гэта прывядзе да таго, што лісты да яго ня трапяць. Стараемся размаўляць пра тое, што можа быць не крытычным для цэнзуры. Толькі каб нашыя лісты хадзілі адзін да аднаго. Гэта самае істотнае».

  • Мікалая Дзядка затрымалі 11 лістапада 2020 году ў доме ў пасёлку Сасновы супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС. Паводле праваабаронцаў, пры затрыманьні яго моцна зьбілі, у твар распылілі пярцовы газ. Падчас суда Дзядок расказваў, што пасьля затрыманьня яго прывезьлі ў Менск, у ГУБАЗіК, дзе «зьбівалі, выкарыстоўвалі электрашокер і пагражалі згвалтаваньнем». Ад актывіста патрабавалі назваць паролі і адміністратараў тэлеграм-каналаў.
  • 10 лістапада 2021 году Менскі гарадзкі суд прыгаварыў Дзядка да 5 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Судзьдзя Анастасія Папко прызнала яго вінаватым на падставе ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і ч. 1 арт. 2953 Крымінальнага кодэксу (незаконныя дзеяньні ў адносінах да прадметаў, якія паражальнае дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў). Дзядок не прызнаў віну ні па адным з прад’яўленых абвінавачаньняў.
  • 28 чэрвеня суд Горацкага раёна пастанавіў перавесьці Дзядка на турэмны рэжым на 2 гады і 10 месяцаў. У канцы сакавіка адміністрацыя калёніі № 9, дзе да гэтага ўтрымліваўся палітвязень, на 4 месяцы зьмясьціла яго ў памяшканьне камэрнага тыпу — за тое, што ён на знак пратэсту адмовіўся хадзіць на працу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG