У Кіеве разьвітаньне зь міністрам МУС Дзянісам Манастырскім, яго першым намесьнікам Яўгенам Еніным і дзяржсакратаром Юрыем Лубковічам пачалося каля будынка МУС, туды прыбыў картэж з парэшткамі. Пасьля гэтага калёна аўтамабіляў рушыла ў бок Украінскага дома, дзе і праходзіць афіцыйная цырымонія. На яе прыйшлі прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і ягоная жонка Алена.
У Браварах завяршылася цырымонія разьвітаньня зь пяцігадовай Міланай і яе маці Аленай Панамарэнкай, якія таксама загінулі падчас авіякатастрофы 18 студзеня. У дзень трагедыі бацька Міланы Аляксандар застаўся ў машыне, а Алена з дачкой зайшлі ў будынак дзіцячага садка, куды і ўпаў верталёт. 35-гадовая Алена працавала ў лягістычнай кампаніі намесьнікам галоўнага бухгальтара.
- Раніцай 18 студзеня на тэрыторыю дзіцячага садка ў горадзе Бравары Кіеўскай вобласьці ўпаў верталёт ДСНС Украіны, загінулі 14 чалавек. Паводле дадзеных ДСНС, катастрофа адбылася ў 8.20 раніцы. Верталёт Super Puma ДСНС Украіны з бартавым нумарам 54 пры падзеньні зачапіў будынак дзіцячага садка, 14-павярховы жылы дом і тры легкавыя аўтамабілі. У выніку ўзьнік пажар, які ахапіў 500 кв. м.
- На борце верталёта знаходзілася дзевяць чалавек: шасьцёра супрацоўнікаў апэратыўнай групы МУС, у тым ліку кіраўніцтва міністэрства, а таксама тры члены экіпажа.
- Акрамя гэтага яшчэ 25 чалавек, у тым ліку 11 дзяцей, былі шпіталізаваныя з траўмамі рознай ступені цяжкасьці.
- Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў катастрофу ў Браварах жахлівай трагедыяй і паведаміў, што даручыў Службе бясьпекі Украіны і НПУ высьветліць усе акалічнасьці інцыдэнту.