Аб гэтым ён заявіў у інтэрвію каналу BBC Radio 4.
Енс Столтэнберг падкрэсьліў, што цяпер Украіна мае перавагу на полі бою і нагадаў, што гэта працягваецца ўжо дастаткова доўга. Аднак ён лічыць, што Ўкраіна яшчэ не адчула ўсе наступствы так званай «частковай мабілізацыі», якая праходзіла ў Расеі ўвосень.
«Украінскія сілы прасоўваліся на працягу некалькіх месяцаў, але мы таксама ведаем, што Расея мабілізавала значна больш сіл (чым задзейнічала на полі бою), многія зь іх цяпер праходзяць навучаньне», – заявіў генэральны сакратар.
Дадзеныя, якія мае NATO, на думку сакратарыята Альянсу, сьведчаць аб тым, што Расея «гатовая працягваць вайну і мае намер патэнцыйна пачаць новы наступ».
Столтэнберг падкрэсьліў, што Ўкраіна мае патрэбу ў захаваньні і працягу падтрымкі з боку заходняга сьвету, у тым ліку ў пастаўках зброі. Таксама донары Ўкраіны павінны быць гатовыя да таго, што гэтая падтрымка працягнецца доўга. Генэральны сакратар NATO перакананы, што такая гатоўнасьць ёсьць.
«Мы будзем дапамагаць вам да самай перамогі», – запэўніў ён Украіну.
Столтэнберг таксама перакананы, што вайна завершыцца перамовамі з Расеяй, але важна стварыць добрыя ўмовы для пачатку перамоваў. «Тое, чаго Ўкраіна можа дасягнуць за гэтым сталом, цалкам залежыць ад сілы на полі бою», – заявіў ён.
Раней генэральны сакратар NATO называў пастаўкі зброі Ўкраіне найкарацейшым шляхам да міру.