Мінфін ЗША прызнае «ПВК Вагнэра» міжнароднай злачыннай арганізацыяй і на наступным тыдні ўвядзе супраць яе дадатковыя санкцыі, паведаміў 20 студзеня прэс-сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі.
Паводле яго, адміністрацыя Байдэна прызнае «транскантынэнтальную пагрозу ПВК». Дакладны сьпіс санкцый, якія плянуюць увесьці, супраць «ПВК Вагнэра», не прыводзіцца.
«ПВК Вагнэра» і яе меркаваны заснавальнік Яўген Прыгожын ужо ўнесеныя ў санкцыйныя сьпісы ЗША і Эўразьвязу. Расейскую кампанію абвінавачваюць ва ўдзеле ў незаконных узброеных канфліктах, у тым ліку ўварваньні ва Ўкраіну, і ў зьдзяйсьненьні ваенных злачынстваў.
Паводле ацэнкі Вашынгтона, толькі на тэрыторыі Ўкраіны цяпер разьмешчаныя 50 тысяч вагнэраўцаў, 40 тысяч зь якіх — завэрбаваныя вязьні расейскіх калёній.
Яўген Прыгожын пракамэнтаваў рашэньне ЗША прызнаць «ПВК Вагнэра» міжнароднай злачыннай арганізацыяй. «Нарэшце цяпер ПВК «Вагнэр» і амэрыканцы — калегі. Нашы ўзаемаадносіны з гэтага часу можна называць «разборка злачынных клянаў», — прыводзіць словы Прыгожына прэс-служба кампаніі «Канкорд».
Падчас брыфінгу былі апублікаваныя спадарожнікавыя здымкі, на якіх, як сьцьвярджаецца, бачныя вагоны, якія рухаліся ў лістападзе з Расеі ў КНДР і назад. У ЗША лічаць, што ў іх былі дастаўленыя ракеты для выкарыстаньня наймітамі «ПВК Вагнэра» на вайне ва Ўкраіне. Пастаўкі зброі з КНДР парушаюць уведзеныя супраць краіны міжнародныя санкцыі, накладзеныя рэзалюцыяй Рады бясьпекі ААН, куды ўваходзіць і Расея.