Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарка Менску арганізавала ў Беластоку прытулак для тых, хто ўцёк ад рэпрэсій і вайны


Беласток, Польшча. Ілюстрацыйнае фота
Беласток, Польшча. Ілюстрацыйнае фота

За 60 км ад беларуска-польскай мяжы ў беларусаў зьявілася месца, дзе можна спыніцца, калі няма куды пайсьці.

Алена Жаркевіч арганізавала беларускі дом у Кіеве, а пасьля пачатку вайны — у Беластоку. У 20 пакоях жывуць беларусы, якіх на радзіме перасьледавалі ўлады, і ўкраінцы, што зьбеглі ад вайны. Гісторыю стварэньня прытулку апісала выданьне «Медыязона».

Алена Жаркевіч выехала зь Беларусі ў 2021 годзе ва Ўкраіну праз абвінавачваньні ў перакрыцьці дарог, арганізацыі акцый пратэсту і гвалце над сілавікамі. Зь Беларусі актывістка выяжджала з 13-гадовым сынам Назарам праз Расею, мяжу пераехала нелегальна. Першы час у Кіеве сям’і давялося начаваць у гостэле, на вакзале і нават на пляжы. Алена спрабавала знайсьці працу.

Пасьля перажытага яна падумала, што варта арганізаваць месца, куды маглі б прыехаць беларусы ў крытычнай сытуацыі, «каб не бадзяцца». Алена вырашыла наняць дом, з грашыма першы час дапамагаў сябар. Пазьней на выдаткі па доме скідаліся яго жыхары — хто мог.

«У кіеўскім доме людзі не заставаліся надоўга. Прыходзілі ў сябе пасьля выезду, атрымлівалі візу і ехалі далей у Эўропу ці знаходзілі жыльлё ва Ўкраіне. Надоўга заставаліся толькі тыя, у каго былі праблемы з дакумэнтамі. У нас жа былі нават тыя, у каго не было пашпартоў».

Пасьля пачатку вайны Алена дапамагала жыхарам беларускага дома выехаць з Украіны. Разам зь імі яна адправіла свайго сына, а сама яшчэ на два месяцы засталася ва Ўкраіне: дапамагала беларусам і ўкраінцам з эвакуацыяй, вазіла ваду на памежныя пераходы.

Праз пэўны час Алена і сама пераехала ў Польшчу. Там даведалася, што ў некаторых беларусаў, якія прайшлі праз рэпрэсіі, ёсьць праблемы, у тым ліку і з жыльлём. Сярод іх былі і тыя, хто ўжо жыў у Алены ў Кіеве. Алена вырашыла зноў пашукаць дом — такі, як кіеўскі. Прыдатны знайшоўся ў Беластоку: так было таньней і бліжэй да Беларусі, адкуль уцякаюць людзі.

У дамове, якую Жаркевіч заключыла з уласьнікамі дома, пазначана, што жыць у ім могуць да 25 чалавек. Беларуска растлумачыла палякам, для чаго ён будзе выкарыстоўвацца. Уласьнікі падтрымалі ідэю.

Наняўшы дом, Жаркевіч пайшла да мясцовых уладаў, дзе расказала, што хоча дапамагаць беларусам, якія ўцякаюць ад рэжыму, і ўкраінцам. Там падтрымалі. Некаторыя беларусы нават атрымалі часовую рэгістрацыю ў гэтым доме.

Цяпер у доме жыве 19 чалавек, 9 зь іх — дзеці. За час працы дома ў Польшчы ў ім пасьпелі пажыць 29 сем’яў.

«Мы прымем столькі, колькі трэба будзе. Так, будзе цесна, але тыя, хто праз Акрэсьціна прайшоў, разумеюць, што ў крытычнай сытуацыі спаць можна і не ў такіх умовах. Надзіманы матрац будзе проста шчасьцем», — кажа гаспадыня прытулку.

Беларускі дом у Беластоку абыходзіцца ў 5000 злотых у месяц. З аплатай дапамагаюць жыхары і тыя, хто жыў у беларускім доме ў Кіеве, а цяпер уладкаваў сваё жыцьцё. Алена кажа, што дапамагчы, калі будзе трэба, гатовыя байцы з палку Каліноўскага. Адзін час там жылі сваякі некаторых байцоў, і з тых часоў добраахвотнікі трымаюць сувязь і прапануюць дапамогу.

Калі ва Ўкраіне пастаяльцы не затрымліваліся надоўга, то цяпер сытуацыя зьмянілася — людзям трэба чакаць рашэньня па легалізацыі ў Польшчы, а гэта займае больш часу. У доме жывуць як беларусы, так і ўкраінцы.

«Важна, каб пра гэта ведалі, каб пра гэта казалі ва Ўкраіне. Каб ведалі, што беларусы і ўкраінцы жывуць разам. Што беларусы таксама бываюць пад абстрэламі ва Ўкраіне, пра 700 затрыманых 27 лютага каб ведалі», — кажа Алена Жаркевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG