Пра гэта піша выданьне Reform.by з спасылкай на дакумэнт ад чытача.
«Прашу сёньня, да 14:00, даць інфармацыю аб грамадзянах, якія працуюць у вашай арганізацыі ў якасьці асноўнага работніка, месцам нараджэньня якіх зьяўляецца Ўкраіна, незалежна ад даты пераезду ў Рэспубліку Беларусь.
Форма прадастаўленьня інфармацыі дадаецца. Інфармацыю даваць у электронным выглядзе фармаце WORD, на папяровым носьбіце ня трэба», — сказана ў запыце Менгарвыканкаму, які быў разасланы ў дзяржаўныя ўстановы.
Для якіх мэтаў зьбіраецца інфармацыя, у лісьце не ўдакладняецца. Раней аналягічную інфармацыю зьбірала кіраўніцтва Беларускай чыгункі пра сваіх супрацоўнікаў.
«Па распараджэньні намесьніка начальніка Беларускай чыгункі (па арганізацыі бясьпечнага гарантаваньня жыцьцядзейнасьці прадпрыемстваў Беларускай чыгункі) Казлоўскага Ігара Анатолевіча былі падрыхтаваны сьпісы работнікаў БЧ, якія нарадзіліся ва Ўкраіне. Мэта гэтага мерапрыемства невядомая», — паведамляў тэлеграм-канал чыгуначнікаў у мінулым кастрычніку.
Пазьней, паводле @belzhd_live, работнікаў, якія нарадзіліся ва Ўкраіне, выклікалі ў абласныя ўпраўленьні КДБ і распытвалі пра сваякоў ва Ўкраіне і пра стаўленьне да вайны.